18 ліпеня 2018 года а 17-ай гадзіне ў Рэспубліканскай мастацкай галерэі Беларускага саюза мастакоў (Палац мастацтва, вул. Казлова, 3) адбудзецца адкрыццё арт-праекта «Семачкі».
Нагадаем, што ў красавіку 2016 года арт-праект «Семачкі» праходзіў у Палацы мастацтваў. На ім было прадстаўлена больш за 100 беларускіх аўтараў рознага ўзроставага і стылявога дыяпазону. Праз яркія, запамінальныя вобразы, створаныя мастакамі ў жывапісных, графічных творах, інсталяцыях, арт-аб’ектах глядач зможа даведацца, напрыклад, што семечка – гэта вітамінны акумулятар, з яе дапамогай можна займацца медытацыяй (падчас спажывання чалавек прымае энергію самога сонца), для мужчын яна з’яўляецца не толькі выдатным сродкам не заснуць за рулём, а таксама шмат чым іншым. Апрача таго, «семачка» з’яўляецца яркай метафарай творчага саюза мастакоў. Кожны з нас мае сваё зерне таленту, з якога нараджаюцца творы мастацтва. Калі ж мастакі аб’яднаны агульнай ідэяй і экспазіцыйнай прасторай, іх карціны складаюцца ў прыгожую і арыгінальную «кветку» творчасці.
Ідэя праекта не прадугледжвае строгіх абмежаванняў для яго ўдзельнікаў і дае ім поўную свабоду для самавыяўлення. Мастакі вольныя імправізаваць літаральна ва ўсім: пачынаючы ад перавагі відавой разнастайнасці выяўленчага мастацтва, выбару матэрыялу, тэхнікі выканання і завяршаючы аўтарскай інтэрпрэтацыяй сэнсавай фабулы выставы. Мабыць, адзіным патрабаваннем да ўдзельнікаў з’яўляецца выдатнае пачуццё гумару, добры густ, прасторавае мысленне і прафесіяналізм.
Выстава будзе працаваць з 18 па 29 ліпеня 2018 года.
Мы працуем:
11.00 – 19.00 штодзень, апрача панядзелка.
Тэлефоны для даведак:
(017) 288 15 49, (017) 290 60 10 – Палац мастацтва
(017) 296 67 84 – Беларускі саюз мастакоў,
(029) 639 24 61 – Васіль Зянько (куратар праекта).
Паводле прэс-рэлізу