27 чэрвеня ў Нацыянальным мастацкім музеі адбудзецца адкрыццё выставы “«Зачараваны цудам». Графіка В.М. Званцова”, організаванай сумесна Дзяржаўным мемарыяльным гісторыка-літаратурным і прыродна-ландшафтным музеем-запаведнікам А.С. Пушкіна «Міхайлаўскае» і Нацыянальным мастацкім музеем Рэспублікі Беларусь.
Выстава прысвечана творчасці выдатнага ленінградскага графіка, прызнанага майстра афорта, заслужанага (1978) і народнага мастака РСФСР (1983) Васілія Міхайлавіча Званцова (1917–1994), і яе мэта – паказаць непарыўную творчую і асабістую сувязь мастака з пушкінскімі месцамі Пскоўскай зямлі. «Зачараваны цудам» – такое азначэнне даў мастаку паэт Міхаіл Дудзін.
Асноўная частка экспанатаў (каля 90) – гэта працы В. М. Званцова са збору Пушкінскага запаведніка, з якім мастака звязвала больш за 30 гадоў сяброўства і супрацоўніцтва. У ліпені 1965 года ён зрабіў такі запіс у Кнізе ганаровых наведвальнікаў Пушкінскага запаведніка: «Калі сапраўды ў чалавека можа быць другая Радзіма, дык вось яна: Міхайлаўскае, якому я з захапленнем аддаю другую палову свайго жыцця». Экспазіцыю дапаўняюць працы мастака са збору Нацыянальнага мастацкага музея Рэспублікі Беларусь.
Дзякуючы асабістай дружбе легендарнага дырэктара Пушкінскага запаведніка С.С. Гейчанкі і В.М. Званцова ў зборы музея з’явіліся працы, якія былі выкананы на гэтай зямлі і большай часткай паступілі ў дар. Яны сфарміравалі іконаграфічную базу пейзажаў пушкінскіх месцаў другой паловы XX стагоддзя.
На выставе ў тэматыка-храналагічным парадку прадстаўлены ўсе тэхнікі, у якіх працаваў майстар: аловак, вугаль, туш, акварэль, афорт, кітайская туш. Тут адлюстраваны яго ўдзел у мастацкім праектаванні і афармленні экспазіцый і аб’ектаў Пушкінскага запаведніка. З ілюстрацыямі В.М. Званцова масавымі тыражамі выходзілі мастацкія паштоўкі, альбомы, памяткі, даведнікі па Пушкінскім запаведніку. Вынікі выкладчыцкай дзейнасці мастака ў Інстытуце імя І.Я. Рэпіна (СПб) прадстаўлены створанымі ім падручнікамі і работамі яго вучняў, цяпер прызнаных майстроў графікі – У.Ф. Аляксеева, К.В. Званцовай, К.Г. Прэтра.
С.С. Гейчанка пісаў пра сябра: «Імя… ленінградскага мастака-графіка В.М. Званцова назаўжды ўпісана ў гісторыю Пушкінскага запаведніка, бо многія яго гравюры, афорты сталі сімваламі самога пушкінскага духу…».
27 чэрвеня а 18-й гадзіне ў Нацыянальным мастацкім музеі Рэспублікі Беларусь (сяродкрыжжа) у рамках адкрыцця сумеснай выставы «Зачараваны цудам». Графіка В.М. Званцова» адбудзецца лекцыя пра жыццё і творчасць выдатнага ленінградскага графіка, прызнанага майстра афорта Васілія Міхайлавіча Званцова (1917–1994). Лекцыю прачытаюць супрацоўнікі Дзяржаўнага мемарыяльнага гісторыка-літаратурнага і прыродна-ландшафтнага музея-запаведніка А.С. Пушкіна «Міхайлаўскае».
Выстава будзе экспанавацца да 29 ліпеня 2018 г.