У гэтыя выходныя ў Міры адбудзецца калі не найлепшая, то дакладна адна з найбольш значных музычных падзеяў лета-2014. Фестываль «Mirum» з незвычайным, у нейкім сэнсе рызыкоўным і адначасова яскравым лайнапам распачнецца ў суботу, 9 жніўня, і працягнецца да наступнага ранку. Спіс выступоўцаў фэсту незвычайны і рызыкоўны тым, што, у адрозненне ад іншых опэн-эйр фэстаў, скіраваных пераважна на папулярны рок-фармат, «Mirum» прапануе слухачам густоўна адабраную музыку, якую зазвычай не пачуеш на беларускіх фм-станцыях і ТБ.
На першы погляд здаецца, што такога гатунку фэст разлічаны хутчэй на меламанаў, якія «ў тэме», чым на народныя масы. Але за 5 дзён да вялікага опэн-эйру арганізатары абвяшчаюць, што квіткоў у продажы амаль не засталося, што для падзеі такога маштабу паказальна. Такім чынам, фестываль «Mirum» яшчэ не адбыўся, але ўжо дае надзею на тое, што прыхільнікаў якаснай густоўнай музыкі і сапраўдных фестывальных святаў у Беларусі нямала. Дый густ гэты выхаваны не без дапамогі арганізатараў, якія ўжо не раз прывозілі ў Беларусь з канцэртамі хаця б галоўную зорку фэсту — Ніно Катамадзэ. Іншая ж зорка «Mirum», Ніна Карлсан, у размове пра фестываль зазначыла, што чакае ад беларускай публікі «здольнасці слухаць і ўспрымаць музыку і сэрцам, і розумам».
Варта зазначыць, што фестываль «Mirum» якасна адрознівае яшчэ й тое, што ўвагі вартыя не толькі заяўленыя хэдлайнеры, але і ўвесь лайнап фэсту. Шмат для каго фестываль абяцае як мінімум некалькі адкрыццяў. Да прыкладу, госця з суседняй Літвы MIGLOKO альбо спявачка ўкраінска-грузінскага паходжання SOPHIE VILLY, альбомы якой не абыходзяць увагай ні крытыкі, ні слухачы па ўсім свеце. «Вельмі цікава пазнаёміцца з беларускай культурай, — кажа Сафі, — Мяркуючы па сваіх сябрах-беларусах, магу сказаць адно: гэта добрыя, душэўныя і адкрытыя людзі. Спадзяюся, публіка на фестывалі будзе такой самай. Да таго ж я пакуль не вельмі добра знаёмая з беларускай музыкай, таму вельмі хачу паслухаць усіх артыстаў, якія будуць прадстаўленыя на фестывалі «Mirum». А наогул фестываль выдатны — вельмі шмат прыемнага ў адным месцы!»
Адзін з арганізатараў фэсту Алег Ціханаў тлумачыць лайнап фэсту вельмі проста: «Я запрасіў музыкаў, якіх вельмі люблю, з якімі мяне асабіста шмат што звязвае».
Душэўны падыход да арганізацыі падзеі пацвярджае і адна з беларускіх выступоўцаў «Mirum», спявачка гурта Shuma Руся: «Музычна гэта сапраўды бадай што найлепшы фэст нашага лета. Я кажу гэта не таму, што на фэсце грае Shuma. Для нас гонар апынуцца ў такім выдатным атачэнні артыстаў. А DJ line up дык увогуле ўключыў у сябе маіх улюбёных дыджэяў. Радасць і шчасце!» Апроч гурта Shuma Беларусь на фэсце будуць прадстаўляць Tanin Jazz у сваёй новай фармацыі і шэраг дыджэяў, сэты якіх працягнуцца да раніцы 10 жніўня. Зоркай дыджэйскай часткі фэсту стане брытанскі электроншчык ATJAZZ.
Акрамя галоўнай сцэны фэсту гасцей пляца ля Мірскага замка чакае шмат цікавостак, сярод якіх лялечны тэатр, светлавыя інсталяцыі, арт-выставы і прэзентацыя праекта «Тузін. Немаўля» з удзелам Сяргея Пукста. Пераначаваць госці фэсту змогуць у арганізаваным намётавым гарадку, а падсілкавацца ў фестывальным кафэ-бары ды фаст-фудзе пад назваю «Dranik on the go».
«Рэцэпту стварэння ідэальнай фестывальнай атмасферы няма, не было і наўрад ці будзе, — падсумоўвае адзін з арганізатараў фестывалю Яраслаў Чычын. — «Mirum» арганізоўваецца вялікай камандай, у якой акрамя ключавых “мазгавых цэнтраў” ёсць месца і для простых ініцыятыўных хлопцаў і дзяўчат. Калі мы разам зробім гэтае “чараўніцтва”, значыць, каманда са сваімі задачамі спраўляецца цудоўна!»
Адбудзецца фестываль «Mirum» 9 жніўня на пляцоўцы ля Мірскага замка ў Міры. Пачатак фестывальных падзеяў а 19-й. Падрабязную інфармацыю пра фестываль можна знайсці на афіцыйным сайце падзеі mirummusicfestival.by.
Алесь Кот-Зайцаў для budzma.by