Памежжа – гэта не мяжа, што падзяляе розныя несумяшчальныя якасці, а прастора сустрэчы розных культурных, этнічных, прафесіянальных супольнасцяў для дыялога і ўзаемнага спазнання, каб дзейнічаць сумесна – у згодзе і творчасці.
Пятніца, 15 чэрвеня
Музей гісторыі тэатральнай і музычнай культуры (Філіял Нацыянальнага гістарычнага музея Рэспублікі Беларусь) (Музычны завулак, 5)
16.00: Экскурсія для гасцей і ўдзельнікаў фестывалю.
16.40: “Слава і трагедыя народа Божага”. Прэзентацыя выставы графічных працаў Ліліі Ратнер. Ірына Языкава, мастацтвазнаўца, кандыдат культуралогіі, сябра Садружнасці “Артас”, ББІ (Масква).
Лілія Мікалаеўна (1929–2016) – маскоўскі мастак і мастацтвазнаўца, аўтар сотняў графічных аркушаў і дзясяткаў аналітычных артыкулаў, прысвечаных выяўленчаму мастацтву. На выставе прадстаўленыя два тэматычных цыклы – “Прарокі” і “Народ Бібліі ў Асвенцыме”, над якімі мастачка працавала ў апошнія гады жыцця.
Субота 16 чэрвеня
“Белы кабінет” (вул. Бялінскага, д. 4, кв. 49)
11.00: “У вакно/ на вакне/ з вакна. Набіванка і вышыўка на палатне”. Прэзентацыя працаў Марыны Бялькевіч (Масква).
Мастачка Марына Бялькевіч спалучае ў сваіх манументальных працах адразу некалькі, здавалася б, абсалютна традыцыйных тэхнік – шматслойную лінагравюру, ручную набіванку і вышыўку на тканіне, чым дабіваецца надзвычай свежага, “авангарднага” эфекту. Крылаты леў, евангеліст Марк, мінаючы вакно, абарочваецца і бачыць у вакне нас і бухматую капу кветак у шкляным слоіку на падваконні.
Музей гісторыі тэатральнай і музычнай культуры (Музычны завулак, 5)
13.00: “Танцы нашага мястэчка”. Капэла “Жыдовачка” (Барысаў). Тома Гаеўская, акардэон; Аня Сяменьнік, скрыпка; Ўлада Міхайлава, віяланчэль; Віка Лапанік і Ната Голава, бубен/барабан і танцавальны майстар-клас.
Капэла была створаная ў 2017 годзе барысаўскімі аматарамі традыцыйнай танцавальнай музыкі беларускага мястэчка. Склад ансамбля не “клезмерскі” – прынцыпова жаночы. У рэпертуары дзяўчат – папулярныя габрайскія, беларускія і польскія мелодыі першай паловы ХХ стагоддзя. Некаторыя танцы артысты прапаноўваюць развучыць разам з імі – пад скрыпку і акардэон.
14.00: Афіцыйнае адкрыццё фестывалю. Зьміцер Строцаў, “Новыя Мехі” (Менск), Аляксандр Філоненка, Нацыянальны Ўніверсітэт імя В. Н. Каразіна (Харкаў).
14.20: “Чэхі, немцы, габраі: шлях да замірэння. Вопыт «Meeting Brno»”. Давід Мацэк, віцэ-прэзідэнт фестываля “Meeting Brno” (Брно, Чэхія).
Арганізатары фестывалю ў Брно, этнічныя чэхі, прысвяцілі сваю мінулагоднюю сустрэчу габраям і немцам, якія на працягу стагоддзяў жылі ў горадзе, але былі знішчаныя або выгнаныя падчас або пасля Другой сусветнай вайны. Размова пра замірэнне і пакаянне, вылячэнне гістарычнай памяці.
Кава-паўза
16.20: “Быць перакладчыкам Новага Запавету”. Валянціна Кузняцова, біблеіст, магістр тэалогіі, перакладніца і каментатарка Новага Запавету (Масква).
Валянціна Мікалаеўна Кузняцова яшчэ ў сярэдзіне 1980-х атрымала дабраславенне ад свайго духаўніка, айца Аляксандра Меня, перакладаць Радасную Вестку. З тых часоў яна пераклала на сучасную расейскую мову амаль усе кнігі Новага Запавету. Яе метад выклікае палкія спрэчкі, а пераклады набываюць усё большае прызнанне – як у спецыялістаў, так і ў шараговых чытачоў. У цэнтры ўвагі перакладніцы і даследніцы – сама жывая, размоўная, экспрэсіўная мова Збаўцы і яго бліжэйшых вучняў.
Нядзеля, 17 чэрвеня
Музей гісторыі тэатральнай і музычнай культуры (Музычны завулак, 5)
13.20: Перформанс “Ты ёсць”. “Ціхі тэатр” (Менск). Мікіта Мукавозчык, Яўген Мукавозчык, Аляксей Курачоў, Надзея Кахновіч.
“Ціхі Тэатр” – інтэрактыўны, аматарскі, малады: малодшаму ўдзельніку 15 год, старэйшаму – 29. “Ты ёсць” – дэбютная праца, спроба ўпусціць ў “кухонную” размову тых, каго ў ёй яшчэ няма, не чакаючы падабенства і не патрабуе чаго-небудзь узамен.
14.00: “Бачыць сучаснае мастацтва. Спроба хрысціяніна”. Лука Ф’ёрэ, журналіст, мастацтвазнаўца (Мілан, Італія).
Уважлівы хрысціянскі погляд на сучаснае заходняе мастацтва, якое нібы “не памятае” Хрыста і пазіцыянуе сябе яе “іншае” хрысціянству, але пры гэтым выяўляе Прысутнасць – можа быць, нават супроць свайго імкнення.
Кава-паўза
16.00: “Ільвы, тыгры і мядзведзі: рачныя, лугавыя, суматранскія, аляскінскія”. Прэзентацыя выставы малюнкаў Вані Піндрыка.
Прадстаўленая экспазіцыя – гэта выстава прац незвычайнага хлопчыка, які вельмі любіць жывёл і таму малюе іх у вялікай колькасці, а потым дорыць малюнкі сябрам. Жывёлы таксама атрымліваюцца незвычайныя, і назвы Ваня дае ім сам. Кожны малюнак – сведчанне жывой любові, якая, як і ўсё на Зямлі, мае свой характар.
16.20: Дыскусія “Ты – дабро для мяне. Адукацыя як тэрапія”. Алена Жданава, Алена Куц, Элена Мацола, “Лятучы дом” (Харкаў); Кацярына Грышанава, Летыцыя Феры, “Камета” (Кома, Італія). Мадэратар Аляксандр Філоненка.
Два вельмі розных светы: “Лятучы дом” для дзяўчат-інвалідаў у Харкаве і сямейны адукацыйны цэнтр “Камета” для малышоў і школьнікаў у італьянскім Кома. Але і там, і там адным з галоўных шляхоў сацыялізацыі выхаванцаў бачаць атрыманне імі годнай адукацыі – каб рабіць далей самастойныя крокі ў жыцці.
Фестываль “Памежжа” праводзіцца ў Менску ўжо чацверты раз запар, з 2015 году. “Памежжа” разважае пра сустрэчу і ўзаемадзеянне культур, канфесій, супольнасцяў, асоб, асэнсоўваючы мясцовы і сусветны вопыт хрысціян – і не толькі.
Сярод тэм мінулых фестываляў – рухі ў Царкве, навамучанікі Беларусі, вопыт хрысціянскіх фестываляў у Еўропе, сучаснае свецкае і хрысціянскае мастацтва.
Раней на “Памежжы” былі прадстаўленыя выставы, прысвечаныя мітрапаліту Антонію Суражскаму, айцу Луіджы Джусані, паэту Пегі, храму Саграда Фамілія архітэктара Гаудзі ў Барселоне; таксама прэзентаваліся кнігі педагога Франка Нембрыні, а. Сяргея Круглова, пераклады кніг мітр. Антонія Суражскага на беларускую мову і інш.
Паводле арганізатараў