Грамадскае аб’яднанне “Цэнтр “Трэці сектар” запрашае на прэзентацыю брашуры, прысвечанай гісторыі ХХ стагоддзя ва ўспамінах і фотаздымках гарадзенцаў.
Як жыла беларуская вёска ў даваенныя і ваенныя гады, як руйнавалі Фару Вітаўта, пра творчае і культурнае жыццё ў Гродне ў 70-80 гг., заснаванне і дзейнасць першых грамадскіх арганізацый у горадзе – пра гэтыя і іншыя падзеі найноўшай гісторыі распавядаюць героі брашуры – вядомы гарадзенскі кампазітар Яўген Петрашэвіч, кіраўніца хору беларускай духоўнай музыкі “Бацькаўшчына” Вера Кунцэвіч, гарадзенскія краязнаўцы Алесь Госцеў і Віктар Саяпін, фатограф Уладзімір Выдэрка, адзін з заснавальнікаў славутага гісторыка-культурнага клуба “Паходня” Мікола Таранда, а таксама іншыя вядомыя ў горадзе людзі.
Некаторыя з іх былі таксама героямі дыска “Постаці”, прысвечанага людзям, якія зрабілі вялікі ўнёсак у захаванне і папулярызацыю беларускай гісторыі і культуры.
Прэзентацыя брашуры “Гісторыя ХХ стагоддзя ва ўспамінах гарадзенцаў” адбудзецца 24 лютага па адрасе Будзёнага 48а, пакой 69. Пачатак – у 19.00.
Брашура падрыхтаваная ў межах сумеснага праекта гарадзенскага грамадскага аб’яднання “Цэнтр “Трэці сектар” і Прадстаўніцтва зарэгістраванага аб’яднання “Deutscher Volkshochschul-Verband e.V.“ (Федэратыўная Рэспубліка Германія) у Рэспубліцы Беларусь.
Дадатковую інфармацыю пра мерапрыемства можна атрымаць па тэл. (029) 2847799, (0-152) 75-71-72.