16 верасня пад Мінскам адбудзецца дзявяты фестываль «Камяніца», генеральным партнёрам якога з’яўляецца ААТ «Банк БелВЭБ». Першыя 500 квіткоў на мерапрыемства каштуюць 5 рублёў 50 капеек.
Хэдлайнерам фестывалю сёлета будзе украінскі гурт Onuka, які арганічна спалучае актуальную электроніку і традыцыйныя ўкраінскія інструменты. Кожны іх выступ – уражваючы спектакль з выбітным узаемадзеяннем музычных і візуальных элементаў.
Першы альбом гурта выйшаў у 2014 годзе і адразу апярэдзіў дыск «Океан Ельзи» у хіт-парадзе ўкраінскага iTunes. Другі міні-альбом «Vidlik», прысвечаны 30-годдзю Чарнобыльскай катастрофы, у 2016 годзе ўразіў усіх не менш за дэбют.
Міжнародную хвалю папулярнасці Onuka прынёс выступ у якасці гасцей фінала «Еўрабачання 2017» у Кіеве, пасля чаго запісы гурта апынуліся ў хіт-парадах iTunes у Вялікабрытаніі, Нямеччыне, Польшчы, Нідэрландах, Даніі, Швецыі, Бельгіі, Францыі, Швейцарыі і Аўстраліі.
Пра гэты выступ напісаў нават брытанскі New Musical Express: «Яны перацягнулі на сябе коўдру знішчальным міксам традыцыйнага фолку, духавых і моцных тэхна-вайбаў. 12 балаў ад нас».
Фестываль адбудзецца на пляцоўцы Музею народнай архітэктуры і побыту ў вёсцы Азярцо (4 кіламетры за аўтарынкам «Малінаўка»). Усе грошы квіткоў ідуць на рахункі музея і скарыстоўваюцца для захавання ўнікальнай калекцыі беларускай драўлянай архітэктуры 18-20 стагоддзяў.
Першыя 500 квіткоў на фестываль каштуюць 5 рублёў 50 капеек. Набыць іх можна толькі ў офісе Музея народнай архітэктуры і побыту – Мінск, Кальварыйская д.17, п. 614. З 10:00 да 16:30, толькі з 22 да 25 жніўня.
Астатнія квіткі можна набыць праз Bycard.by і SMSbilet.by. Папярэднія кошты: дарослы – 10 руб., студэнцкі – 7 руб., школьны – 5 руб. У дзень фестывалю: дарослы – 15 руб., студэнцкі – 8 руб., школьны – 5 руб.. Для дзяцей дашкольнага ўзросту уваход бясплатны. Інфалінія: (029) 363 76 85, (017) 209‑41-63.
Арганізатары «Камяніцы» традыцыйна прымаюць заяўкі на ўдзел у кірмашы нацыянальнай культуры. Перавага надаецца найбольш арыгінальным праектам, якія працуюць у беларускім кантэксце. Заяўкі можна адпраўляць да 8 верасня на мэйл [email protected] з апісаннем, прыкладамі і кантактамі.