18 кастрычніка ў Музеі Адама Міцкевіча ў Навагрудку адкрылася выстава Марыны Бацюковай “Лісты святлом”. На гэты раз мастачка раскрыла свой талент у новай для сябе іпастасі — фатографа.
З нагоды адкрыцця выставы Марыны Бацюковай старшыня праўлення Народнага фотаклубу “Мінск” Яўгені Казюля сказаў:
“Таленавітаму чалавеку ўласціва пачуццё незадаволенасці здзейсненым. Менавіта гэта пачуцьцё і падштурхнула сябра Саюзу мастакоў Беларусі Марыну Бацюкову да пошукаў у зусім новай для яе сферы – фатаграфіі. Усяго каля трох гадоў спатрэбілася ёй, каб спазнаць сутнасць фатаграфіі і знайсці свой творчы почырк. Яе цёпла прыняла да сябе фатаграфічная супольнасць. Марына Бацюкова – сябра Народнага фотаклубу “Мінск” і Беларускага творчага аб’яднання «Фотамастацтва».
Сёньня ў музеі Адама Міцкевіча ў Навагрудку прэм’ера новай выставы Марыны Бацюковай “Лісты святлом”. Сама назва раскрывае рамантычную сутнасць аўтара, яе імкненне пабачыць незвычайнае ў звычайным і паклікаць гледача ў хвалюючы свет святла і ценяў. Я думаю, наведнікі выставы з цікаўнасцю “прачытаюць” “Лісты сьвятлом” і адчуюць іх сугучча з паэзіяй нашага вялікага земляка”.
Фота Марыны Бацюковай.