Плануеце летнi адпачынак? Шукаеце нешта незвычайнае, актыўнае i вяселае?! Далучайцеся да нашай «Пятровiцы» 9- 12 ліпеня!
Што гэта?
Рэгіянальны фэст традыцыйнай культуры «Пятровіца» – гэта навучанне танцам і спевам, рэканструкцыі даўніх абрадаў, жывая музыка, спевы ля вогнiшча і несупынныя танцы, цiкавыя знаёмствы з гасцямі фэсту і шчырымі мясцовымі носьбітамі культуры, родная мова, вольнае паветра вёскі, смачныя традыцыйныя стравы і шмат чаго яшчэ!
«Пятровіца» адбудзецца на Любаншчыне ў восьмы раз. Гэта значыць, у восьмы раз у в. Шыпiлавiчы Любанскага раёна з’едуцца зацiкаўленныя людзi з усёй Беларусі, а таксама блізкага і не надта блізкага замежжа. Прыедуць, каб танцаваць i спяваць, касіць і жаць, хлеб пячы і выцінанкі выразаць, адчуць атмасферу традыцыйных вячорак, адпачыць ад гарадскога шуму і проста добра правесці час.
З 9 па 12 ліпеня вас чакаюць майстар-классы па танцах ад этнахарэографа і фалькларыста Сяргея Выскваркi — мастацкага кіраўніка ўзорнага фальклорнага танцавальнага калектыва «Верабейкі», якому сёлета 25 год. Сяргей Георгіевіч падзеліцца сваімі ведамі, якія атрымаў яшчэ ад сваёй бабулі, а папоўніў і сістэматызаваў ужо падчас сур’ёзнай даследчыцкай працы. «Полька», «Падыспан», «Каханачка», «Нарэчанька», «Кракавяк», «Лявонiха» — гэта няпоўны спiс танцаў, якiя вам пашчасцiць пазнаць на ўласныя ногi.
Акром заняткаў танцуем мы ў любое надвор’е і паўсюль: у сельскім клубе і каля клуба, у старой хаце і на асфальце, у чыстым полі і ў дварах вяскоўцаў.
Удзельнікі Пятровіцы змогуць засвойваіць тэхніку традыцыйнага спеву пад кіраўніцтвам Вольгі Емяльянчык, удзельніцы і су-заснавальніцы фальклорнага гурта «GUDA»(Мінск), мастацкага кіраўніка фальклорнага гурта «Варган» (г. Полацк). Вольга Антонаўна дапаможа раскрыць свой голас, навучыць атрымліваць радасць ад супольнага спеву, паглыбiцца ў гукавую стыхію лепшых узораў пятроўскіх абрадавых песень і пазаабрадавай лірыкі Любаншчыны.
Мужчыны, у вас ёсць унікальная магчымасць павучыцца спевам ад таленавітага і самабытнага Уладзімера Ціханоўскага. Не ўпусціце шанец раскрыць новыя гарызонты свайго голасу.
Інтэнсіўнае навучанне спевам і танцам дае свой плён. Летась у пятроўцаў атрымалася спыніць дождж з дапамогай асаблівага карагода. Спадзяемся на спрыянне і сёлета.
Апроч танцаў і спеваў, вас чакаюць вандроўкі ў г. Любань, в. Пласток, в. Жораўка – асобны від эстэтычнага і гастранамічнага задавальнення.
Удзельнікі гурта Напарачка ізноў чакаюць нас у госці, каб прадэманстраваць танцы з Любанскай дзясяткі і пачаставаць традыцыйнымі стравамі роднай зямлі.
На сваёй радзіме, Сяргей Выскварка пакажа вынікі аднаўлення дзедавага дома, навучыць танцаваць рэдкія мясцовыя танцы, і запросіць на “квас з прыкрасамі”.
У Жораўцы вы зможаце паўдзельнічаць у яркім і запамінальным абрадзе Зажынкі, падвысіць прафесіяналізм валодання касой і сярпом. А таксама даведаецеся аб аўтары маляваных дыванаў П.Марціновічы.
Не прамінем зладзіць традыцыйную ўжо вечарыну ў вясковай хаце, гаспадар якой, абяцае пачаставаць хатнім півам.
Завершаецца фэст 12 ліпеня ўдзелам у народным свяце «Пятрок» з карагодамі па вёсцы, з замовай агню, з перадачай шчаслівай долі дзяўчатам, з таямніцай абракання, са спальваннем мужчынскіх шапак і пятроўскім кумленнем, з танцамі, забавамі і пятроўскай «абшчыннай юшкай».
Мы ўпэўненыя, што вы пабачыце і паспрабуеце шмат цікавага і невядомага. І спадзяемся, што ў вас атрымаецца адчуць драйв і энергетыку традыцыйнай беларускай культуры так, як адчуваем яе мы.
Чакаем усіх!
Свае пытанні дасылайце на [email protected].
Даведацца болей і зарэгістравацца можна на piatrovica.by.
Сачыце за навінамі: Facebook, Вконтакте, Youtube.com.
Паводле арганізатараў