Урачыстае адкрыццё мастацкай выстаўкі “Вяртанне да рамантызму” адбудзецца 31 сакавіка 2011 года ў галерэі “Панарама” (22 паверх) у 17.00 (Нацыянальная бібліятэка Беларусі, пр. Незалежнасці, 116).
Выяўленчае мастацтва Францыі другой паловы ХІХ ст. стала для ўсяго свету ўзорам наватарскага першапраходніцтва і незалежнай дэмакратычнай творчасці. Яго традыцыі жывуць і ў прафесійным беларускім мастацтве.
Мэта выставы — прадэманстраваць працы мастакоў Беларусі, у якіх адчуваецца шчырая творчая захопленасць здабыткамі выдатных прадстаўнікоў французскай школы. Спадчына рамантызму, сімвалізму, імпрэсіянізму дае перш за ўсё патрэбны штуршок для выяўлення тых тэм і сюжэтаў, якія ў мінулым, падчас дынамічнай перамены мастацкіх кірункаў, у асяродку французскіх першапраходцаў засталіся незаўважанымі, але маглі б паспрыяць далейшаму развіццю прафесійнага мастацтва.
У такім кантэксце падаецца своечасовай ініцыятыва пераняць творчыя здабыткі і адрадзіць парыжскія традыцыі ў сучасным беларускім мастацтве.
Удзельнікі выставы пазбягаюць непасрэдных цытат са спадчыны вядомых творцаў, актуалізуючы ідэі і вобразы для сённяшняга гледача ў жывапісных, графічных, тэкстыльных работах.
Сярод аўтараў — мастакі розных пакаленняў і творчых кірункаў: Фёдар Ястраб, Яўген Шунейка, Ірына Котава, Юрый Падолін, Ігар Гарбуноў, Людміла Налівайка, Карына Харанека, Уладзімір Рынкевіч, Вольга Мельнік, Аляўціна Башкатава, Дар’я Мароз-Карат, Зміцер Шапавалаў, Елізавета Пастушэнка, Вераніка Малашчук і інш.
Акрамя персанальных работ аўтары прадстаўляюць калектыўную працу — інсталяцыю на тэму французскай граматыкі “Знайдзі свой дзеяслоў”. Наведнікі выставы змогуць далучыцца да “ажыўлення” кампазіцыі і атрымаюць падарункі ад мастакоў.
Куратар выставы — Яўген Шунейка, арт-мэнэджары праекту — Юлія Новік (http://julienovik.unblog.fr/) і Віка Трэнас (http://vika-trenas.livejournal.com/).
Тэл. для даведак: 293-28-23, 293-27-67, e-mail: [email protected]