У чацвер 2 лістапада ў вялікай зале КЗ «Мінск» адбудзецца юбілейны канцэрт Змітра Вайцюшкевіча «25 гадоў на сцэне». Прададзена больш за 900 квіткоў у партэр, таму арганізатары адчынілі продаж месцаў на балконе.
У межах юбілейнага канцэрта Зміцер Вайцюшкевіч разам з WZ-Orkiestra выканае лепшыя песні за ўсю кар’еру. У гэтым яму таксама дапамогуць запрошаныя госці: лідар гурта «Палац» Алег Хаменка, з якім Зміцер распачынаў музычную кар’еру, а таксама вакалістка/скрыпачка Ксенія Мінчанка, якая з 2002 да 2011 года была адным з сімвалаў WZ-Orkiestra. Магчымыя і іншыя сюрпрызы.
– Апошні раз у вялікай зале КЗ «Мінск» я граў на пачатку 2010 году, гэта была праграма «Мой сябра анёлак», – кажа Вайцюшкевіч. – Вельмі прыемна, што за гэтыя гады людзі не забыліся на мае песні. Калі адбудзецца аншлаг, то для мяне асабіста гэта аншлаг тысячагоддзя!
На рахунку Змітра Вайцюшкевіча каля 20 сольных альбомаў і канцэртных праграм на вершы беларускіх паэтаў: Рыгора Барадуліна, Алеся Камоцкага, Уладзіміра Някляева, Генадзя Бураўкіна, Уладзіміра Караткевіча, Адама Русака і іншых. Шмат хто жартуе, што для прапаганды беларускай паэзіі Вайцюшкевіч зрабіў больш, чым міністэрства культуры.
Зміцер Вайцюшкевіч «25 гадоў на сцэне»
2 лістапада – КЗ «Мінск» – 19:00
Квіткі: ад 20 да 28 рублёў
Продаж: касы і сайт Kvitki.by, каса КЗ «Мінск»
Інфалінія: (033) 661 14 32