Праграму на вершы беларускіх класікаў Лявон Вольскі прэзентуе ў Гродне 25 красавіка. Гэта першы канцэрт у рэгіёне пасля двух аншлагавых выступаў Вольскага ў Мінску.
Новыя песні на вершы Чачота, Міцкевіча, Багушэвіча, Багдановіча, Купалы, Коласа, Броўкі, Танка, Куляшова, Геніюш, Панчанкі, Барадуліна Лявон Вольскі прэзентаваў у Мінску год назад, даўшы два аншлагавыя канцэрты ў КЗ “Мінск” і Купалаўскім тэатры. Канцэрт у Гродне пройдзе ў абласной філармоніі.
У сувязі з адменай шэрагу канцэртаў беларускіх музыкаў і з’яўленнем чутак пра так званыя “чорныя спісы” мы спыталі арганізатараў выступу Вольскага ў Гродне, ці ёсць небяспека, што канцэрт адменяць:
— У нас ёсць падпісаная дамова з абласной філармоніяй. Канечне, мы трохі асцерагаемся рэакцыі з боку ўладаў, але пакуль аб’ектыўных прычын адмяняць канцэрт няма.
Імпрэза адбудзецца а 19-й. Кошт квіткоў – ад 15 да 40 тысяч рублёў.
Пасля выступу ў Гродне канцэрт Вольскага “Белая яблыня грому” мае адбыцца ў Брэсце.