У першыя выходныя кастрычніка ўся Еўропа выйдзе назіраць за птушкамі. Колькі птушак налічаць беларусы падчас EuroBirdwatch-2018?
Восеньскія дні назіранняў за птушкамі, або EuroBirdwatch, – гэта штогадовая пан’еўрапейская акцыя, якая пройдзе ўжо ў 25-ты раз. Грамадская арганізацыя «Ахова птушак Бацькаўшчыны» – нацыянальны каардынатар акцыі. Пералётныя птушкі адпраўляюцца ў небяспечны шлях на зімоўку, і людзі ў розных краінах назіраюць за імі і вядуць іх падлік на працягу двух дзён.
Падчас міграцыі можна сустрэць рэдкія віды птушак. Напрыклад, паморнікаў з тундры – марскіх качак, якія ў нас сустракаюцца ў асноўным толькі на пралёце.
Летась больш за 2200 удзельнікаў з Беларусі налічылі 29000 птушак – наша краіна стала трэцяй па колькасці ўдзельнікаў.
Такая актыўнасць цешыць, бо акцыя праводзіцца, каб прыцягнуць увагу людзей да небяспек пералёту і праблемаў зімоўкі птушак.
Што трэба для ўдзелу? 6 і 7 кастрычніка вазьміце бінокль або падзорную трубу, выйдзіце ў парк, лес або да вадаёма. Паспрабуйце вызначыць і падлічыць птушак, якія сустрэнуцца, нават калі гэта вераб’і, вароны, гракі або шпакі.
Паведаміце пра свае назіранні (віды і колькасць асобін кожнага, месца, а таксама колькасць чалавек, калі назіранне вялося ў групе) да 16.00 7 кастрычніка праз анлайн-форму на сайце (зробіцца даступная 6 кастрычніка). Уся інфармацыя перадаецца міжнароднаму каардынатару акцыі.
Дзе паназіраць за птушкамі ў Беларусі?
А яшчэ можна далучыцца да назіранняў за птушкамі, якія АПБ ладзіць 6 і 7 кастрычніка ў Мінску, Гродне, Гомелі, Брэсце (чэмпіянат па фотабёрдынгу), Віцебску, Барысаве, Мядзелі, Верхнядзвінску, Тураве, Слуцку і Чавусах.
Анонс мерапрыемстваў Восеньскіх дзён назіранняў за птушкамі – 2018
Кантактная асоба – Сямён Левы, 8 (029) 101-68-87, levy@ptushki.org
Паводле арганізатараў