У Літаратурным музеі Петруся Броўкі ў Мінску 16 кастрычніка адкрылася выстава “Свет паэта”, прысвечаная 95-годдзю з дня нараджэння паэта Сяргея Грахоўскага. У экспазіцыі прадстаўленыя кнігі і рукапісы паэта, яго нататнікі і фотаздымкі з сямейнага архіва, якія перадала дачка С.Грахоўскага Таццяна Грахоўская.
Адкрываючы экспазіцыю, старшыня Канфедэрацыі творчых саюзаў Беларусі Іван Вашкевіч выказаў меркаванне, што калі б не “дзікі” сталінскі ГУЛАГ, у якім С.Грахоўскі правёў 19 гадоў, ён у сваёй творчасці дасягнуў бы ўзроўню класікаў беларускай літаратуры. “Сяргей Грахоўскі быў сапраўдным інтэлігентам, чалавекам сардэчным і добразычлівым. Для мяне яго жыццё стала подзвігам чалавечага духу. Ён не агаварыў сябе, не ўзвёў ні на каго паклёп і вярнуўся да творчасці з пекла сталінскіх лагераў”, — зазначыў І.Вашкевіч.
Паводле слоў Т.Грахоўскай, бацька меў энцыклапедычныя веды, асабліва ў сусветнай літаратуры, ён быў таленавіты, працавіты, выказваў любоў і падзяку. “Выпусціўшы сваю першую кнігу “Дзень нараджэння” толькі ў 45 гадоў, ён змог выдаць больш за 60 кніг. Ён працаваў ва ўсіх літаратурных жанрах, маляваў, выкладаў, быў актыўным грамадскім дзеячам і займаўся спортам. А некаторыя яго вершы з’яўляюцца прарочымі. Нават у зняволенні ён займаўся паэзіяй, каб узняцца над жахам сітуацыі”, — зазначыла Т.Грахоўская.