1 верасня ў Музеі народнай архітэктуры і побыту пад Мінскам пры падтрымцы ААТ «Банк БелВЭБ» адбудзецца юбілейны – дзясяты па ліку – фестываль «Камяніца». Арганізатары абвясцілі трох першых хэдлайнераў і запусцілі ў продаж першыя 500 квіткоў па 10 рублёў.
Першая «Камяніца» датуецца 2009 годам. За гэты час фестываль прайшоў вялікі шлях, але захаваў галоўнае – цікаўнасць да народнай музыкі ва ўсіх яе праявах. Ад аўтэнтычных напеваў без інструментальнага суправаджэння да апрацовак у сучасных музычных стылях і аўтарскіх твораў, натхнёных народнай творчасцю. Дадзеную канцэпцыю адлюстроўваюць і хэдлайнеры гэтага года.
Этна-трыа «Троіца» (Беларусь) на чале з Іванам Кірчуком не дарма называюць «шаманамі» – іх вытанчаныя апрацоўкі народных песень нясуць слухачоў далёка ў космас. Калектыў прадставіць на фестывалі свае лепшыя песні і шэраг кампазіцый з новага альбома «Цар-агонь», які выйдзе ў верасні.
Joryj Kloc (Украіна) – неардынарны гурт з Львова, стылістыку якога называюць «украінскім абрадавым хіп-хопам», «турба-фолкам» і «казацкім брэйкбітам». Дыскі калектыва выдаваліся ва Украіне і Польшчы, дзе музыкі актыўна канцэртуюць.
«Тесто» (Расія) – музычная фармацыя з Санкт-Пецярбурга, якая выконвае традыцыйныя фолк-напевы так, як іх чуе сучасны жыхар вялікага горада. У выніку атрымліваюцца танцавальныя кампазіцыі з выкарыстаннем жывых і электронных інструментаў, з адыходам у драм-н-бэйс і даб, фанк і хіп-хоп.
Першыя 500 квіткоў на фестываль каштуюць 10 рублёў. Набыць іх можна толькі з 7 да 10 жніўня ў офісе Музея народнай архітэктуры і побыту – Мінск, Кальварыйская д.17, к.614. Час працы: з 10:00 да 16:30.
Далей кошт квітка для дарослых будзе складаць 15 рублёў (да 25 жніўня) і 20 рублёў (з 25 жніўня). Пры продажы праз Kvitki.by будзе дадавацца камісія 3 рублі.
Прадугледжаныя ільготы для школьнікаў і студэнтаў. Уваход на фестываль для гледачоў у поўных версіях нацыянальных строяў (ад галаўных убораў да абутку) будзе бясплатным. Час правядзення: з 12 да 22 гадзін. Інфалінія: (033) 661-14-32, (017) 209‑41-63.
Арганізатары «Камяніцы з Банкам БелВЭБ» прымаюць заяўкі на ўдзел у фестывальным кірмашы. Перавага надаецца праектам, якія працуюць у беларускім кантэксце. Заяўкі неабходна адпраўляць да 25 жніўня на мэйл [email protected] з апісаннем, прыкладамі і кантактамі.
Паводле прэс-рэлізу