ВЫЯЎЛЕНЧАЕ МАСТАЦТВА
Да 3 лістапада ў Нацыянальным гістарычным музеі РБ праходзіць прэзентацыя рэканструкцыі гістарычных постацяў Вітаўта і Ягайлы, выкананай Паўлам Лукам (скульптура) і Юрыем Піскуном (касцюм). Гэта толькі пачатак вялікай і актуальнай працы па аднаўленні партрэтных фігур знакамітых дзеячаў Беларусі, якія зоймуць пачэснае месца ў экспазіцыі музея. У працяг тэмы ўлады і войска — фотавыстава Андрэя Замышляева «365», якая будзе працаваць да 22 лістапада ў кінатэатры “Цэнтральны”. Аўтар пазнаёміць гледачоў са своеасаблівым іншасветам — Арміяй, у якой неспадзявана для сябе апынуўся фатограф.
Нагодай завітаць у гатэль ”Crowne Plaza Minsk” можа стаць выстава “Купанне з сонцам” Генадзя Драздова, якая будзе працаваць да 10 лістапада. Стылістычна вобразны лад працаў апошніх гадоў аўтар вызначае як трансцэндэнтны сімвалізм. За гэтым абазначэннем стаяць абстрактна-вобразнае мысленне, шматлікія метафары, аплікацыя рэалістычных фрагментаў, якія раскрываюць тэму хрысціянскіх каштоўнасцяў. У падобнай самадзейнай галерэі аўтацэнтра «Атлант-М Уручье» апошнія дні працуе фотавыстава Глеба Малафеева «Неверагодныя прыгоды: Палессе i Passat», якая з дапамогай фотаздымкаў і подпісаў да іх рэкламуе не столькі машыны, колькі нашу багатую на краявіды, гісторыю і паданні спадчыну.
Прэзентацыяй тыдня абяцае стаць выстава жывапісу і графікі Васіля і Вольгі Шугалей “20 000 запальнічак”. Адкрыццё адбудзецца 4 лістапада ў галерэі сучаснага мастацтва “Ў”, у музычным суправаджэнні беларускага гурта “Ы.Ы.Ы”. Апошнім часам на выставачных пляцоўках Мінска можна было ўбачыць шмат твораў польскіх мастакоў, фатографаў і дызайнераў. Гэты тыдзень не выключэнне. У Музеі сучаснага выяўленчага мастацтва — нешараговая выстава “Сатырычныя рысункі. Плакат” мастакоў Богны Ота-Вэнгжын і Монікі Старовіч.
МУЗЫКА
Дударскі клуб запрашае на адкрыццё пятага сезону фальклорна-танцавальна-алкагольных вечарынаў. 2 лістапада а 19-й гадзіне ў клубе Re:public вас чакае традыцыйнае шаленства пад гучанне дудаў, спевы і танцы. У праграме — беларускія і еўрапейскія народныя танцы, а таксама джэмы ад дудароў і бубначоў з гуртоў “Стары Ольса”, “Testamentum Terrae”, “Келіх Кола”, “Cornucopia” i iншых. Напярэдадні дударскага фэсту ў гэтым жа клубе вы зможаце адзначыць Хэлаўін (31 кастрычніка а 18-й). Аматарам барабаннай музыкі ў стылях Chad Smith (RHCP) і рок магу параіць наведаць майстар-клас на барабанах Святаслава Чарнухі 31 кастрычніка ў кавярні «Doodah King» у 19.30.
КІНО
XVIII Міжнародны кінафестываль «Лістапад» — з 5 па 12 лістапада ў Мінску 18-ы раз. За 17 гадоў свайго існавання фестываль стаў адным з найбольш важных і прадстаўнічых кінафорумаў постсавецкай прасторы. У конкурсную праграму ўвайшлі ігравыя і неігравыя фільмы, створаныя ў краінах былога СССР і дзяржавах былога сацыялістычнага блока, а таксама конкурсны паказ маладога кіно, які збярэ найбольш прыкметныя дэбютныя работы кінематаграфістаў свету. У кінатэатры “Цэнтральны” з 1 па 3 лістапада пройдзе Фестываль ізраільскага кіно. У праграму фестывалю ўвайшлі фільмы — прызёры міжнародных кінафестываляў “Сват”, “Сальса Тель-Авив”, “В пяти часах от Парижа”, “Менеджер по персоналу”, “Суженая”, “Сломанные крылья”.