20 чэрвеня споўнілася 90 гадоў з дня нараджэння народнага мастака Беларусі Гаўрыіла Харытонавіча Вашчанкі. Ён запомніўся ў апошнія гады сівавалосым старцам з блакітнымі вачыма і спакойнымі, павольнымі рухамі. Да апошніх тыдняў ён працаваў у сваёй вялікай майстэрні на вуліцы Сурганава, дзе было шмат святла і паветра, і слухаў класічную музыку.
21 чэрвеня ў Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі адчынілася выстава “Зямля пад белымі крыламі”, прысвечаная памяці народнага мастака. Яе арганізаваў сын творцы, графік і дызайнер Канстанцін Вашчанка.
” Ведаючы творчасць гэтага чалавека і з’яўляючыся яе малітоўным прыхільнікам, я разумею, што нам яшчэ доўга адкрываць яго глыбіню, -сказаў старшыня Саюза беларускіх мастакоў Рыгор Сітніца.- Ён быў фенаменальна адораным жывапісцам. Кожны яго эскіз з’яўляецца самадастатковай працай. Гаўрыіл Вашчанка стаіць у шэрагу геніяў беларускай нацыі.Тыя, хто памятаюць яго аблічча ў старасці, ведаюць, што гэта біблейскі вобраз. Яго біблейская сутнасць с кожным годам паглыблялася. Кожнае новае пакаленне павінна адкрываць яго асобу для сябе. Мы працуем над тым, каб у Гомелі паставіць бюст Гаўрыіла Вашчанкі перад яго галерэяй. Гэта трэба зрабіць дзеля Бацькаўшчыны і для гісторыі”.
Гаўрыіл Вашчанка праявіў сябе майстрам манументальнага мастацтва, станкавага жывапісу, акварэлі. Яго роспісы назаўсёды застануцца ў Светлагорску ў Палацы хімікаў, у Менску ў Нацыянальным аэрапорце “ Мінск-2”, а вітражы ўпрыгожваюць касцёл святых Сымона і Алены. Ён прысвяціў 38 гадоў выкладчыцкай дзейнасці і, працуючы на кафедры манументальнага мастацтва, выпусціў са сцен акадэміі больш за 200 студэнтаў.
Ураджэнец вёскі Чыкалавічы паблізу Брагіна, ён усё жыццё імкнуўся перадаць унікальнасць этнасу, фальклору і мастацтва гэтага рэгіёну, выразіць у фарбах таямнічую экзотыку прыроды края. Ён прысвячаў карціны родным людзям, якія акружалі яго з дзяцінства. Старая жанчына ў намітцы, што сядзіць на прызьбе хаты, асвечаная промнямі залатога святла – яго бабуля Сынклета, якая пражыла 119 гадоў. Партрэт маці іканаграфічны, на ім водбліск папялішча, трывога разам з надзеяй.
Сваёй малой радзіме майстра прысвяціў палотны: “Палессе”, “Па-над Прыпяццю”. У дзяцінстве пабачыўшы свет з вышыні калакольні, мастак любіў пісаць краявіды з птушынага палёту, і такімі атрымаліся “Навагрудак”, “Сынкавічы”, “Раўбічы”. Яго ўлюбёнымі птушкамі былі буслы. У кампазіцыю карціны “Матчыны крылы” закладзены танец буслоў над гняздом.
Яму выдатна ўдавалася перадаць настрой прыроды, блакіт неба, пах чаромхі, слодыч вясновага вечара, ззянне месяца ў карцінах “Чаромхавы час”, “Святочны блакіт”, “Бурштынавы вечар”, “Дзявятая вясна”, “Маладзіком свяцілася возера”.
Мастак шмат часу разважаў над гістарычнымі тэмамі, ствараючы вобразы Кірылы Тураўскага, Францыска Скарыны, Сімяона Полацкага, Янкі Купалы. На адным з партрэтаў узвышаецца статная постаць Ірыны Паскевіч, апошняй з князёў Паскевічаў. Нацыянальную бібліятэку ўпрыгожвае манументальнае пано “Айчына” з чатырох частак. Майстра быў упэўнены, што мастацтва павінна мець жыццясцвярджальную мэту.
Жыццё і творчасць народнага мастака апісала ў сваёй кнізе “Народжаны Палессем” Наталля Шаранговіч і Віктар Карамазаў у аповесці “ Брама”. Выбух у Чарнобылі мастак трывожна прадчуваў за некалькі гадоў да аварыі, напісаўшы эцюд “ Воблака” і карціну “ Прадчуванне”. Пазней, калі родную вёску абгарадзілі калючым дротам, горыч ад страты радзімы пранзіла душу творцы. Пасля паездак у зону з кінематаграфістамі нарадзіліся карціны “ Чорная быль”, “Чарнобыльскі рэквіем”, “ Зорка палын”.
Магутны валун на Усходніх могілках з крыжом абазначае месца вечнага спачыну мэтра беларускага мастацтва.
Эла Дзвінская, фота аўтара