Адразу дзве адметныя падзеі адбыліся 24 лістапада ў Віцебскім абласным краязнаўчым музеі. Да адкрыцця выставы твораў Язэпа Драздовіча прымеркавалі прэзентацыю кнігі “Язэп Драздовіч: “Прыйдзе час…”
У экспазіцыі каля 30 прац — маляваныя дываны, жывапіс, графіка. Усё гэта захоўваецца ў Германавіцкім музеі культуры. Паводле дырэктара абласнога краязнаўчага музея Глеба Савіцкага, правінцыяльныя музеі накшталт гэтага — сапраўдная скарбонка:
— Часам мы вельмі скептычна адносімся да таго, што знаходзіцца ў рэгіянальных калекцыях. Нам здаецца: ну што там можа быць у нейкай вёсачцы, у тым ці іншым раённым цэнтры? Але на самой справе гэтыя калекцыі часам не саступаюць сур’ёзным дзяржаўным калекцыям. Вось вы зараз бачыце, што многія гэтыя творы — каштоўнасць сур’ёзнага нацыянальнага музея.
Кніга “Язэп Драздовіч: “Прыйдзе час…” – гэта зборнік матэрыялаў, прысвечаных 120-годдзю з дня нараджэння мастака. У зборнік увайшлі матэрыялы другіх Драздовічаўскіх навуковых чытанняў, навуковыя артыкулы, спецыяльна напісаныя для гэтага зборніка, а таксама маладаступныя альбо неапублікаваныя раней матэрыялы пра жыццё і творчасць мастака. У прыватнасці, у скарочаным варыянце апублікаваныя малавядомыя тэксты краязнаўцы з Германавіч Міхася Райчонка, які заўчасна пайшоў з жыцця.
Кіраўніца грамадскага культурна-асветніцкага цэнтру імя Язэпа Драздовіча Ада Райчонак збірала грошы на выданне кнігі некалькі год. Нарэшце з дапамогай спонсараў выданне пабачыла свет. Спадарыня Райчонак упэўнена, што імя Язэпа Драздовіча — мастака, скульптара, этнографа — павінна стаць на адзін узровень з імем Марка Шагала:
— Нашыя пленэры называюцца Драздовіцкімі, хаця яны прысвечаны выбітным сынам Беларусі. Мы правялі ўжо 17 пленэраў, і у нас ёсць свая мастацкая галерэя, дзе ўжо 187 карцін. І я думаю, што мы і надалей будзем працаваць над тым, каб імя Язэпа Драздовіча стаяла так, як і Марка Шагала.
Ада Райчонак і рэдактар зборніка мастацтвазнаўца Міхась Цыбульскі
На адкрыццё выставы прыйшло нямала гледачоў