Слынны дзеяч беларускай эміграцыі, знакаміты навуковец і “першы беларус у свеце” Барыс Кіт адзначыў 100-гадовы юбілей. У Мінску свята адгукнулася ўрачыстай вечарынай, што сабрала аншлаг у канферэнц-залі Палаца мастацтваў у дзень нараджэння славутага беларуса, 6 красавіка.
Павіншаваць Барыса Кіта ды сказаць шчырыя словы ў яго гонар завіталі акадэмікі, артысты, пісьменнікі ды журналісты. Цяпер юбіляр жыве ў Франкфурце-на-Майне, але нягледзячы на геаграфічныя межы, Барыс Кіт перадаў свае вітанні гасцям вечарыны праз сваю давераную асобу, жартоўна названую “амбасадарам Кіта ў Беларусі”, – Лідзію Савік.
Першы бібліёграф Барыса Кіта Лідзія Савік зачытала ліст ад юбіляра:
– Дарагія суродзічы, шчыра вітаю вас усіх, хто ўшанаваў мяне сваёй прысутнасцю дзеля святкавання майго юбілею. Вельмі шкадую, што з прычыны свайго не вельмі моцнага здароўя я не змог прыехаць да вас у Мінск. Сёння, пры канцы майго доўгага жыццёвага шляху, маю вялікую радасць спаткаць вас усіх у гэтай залі. Ведаю, што тутака сабралася светлая частка нашага грамадства, бо вы працягваеце беларускае адраджэнне, чым жылі і займаліся мы ў свой час…
Барыс Кіт нарадзіўся ў 1910 годзе ў Пецярбургу ў сям’і беларуса. На радзіме будучы навуковец скончыў Наваградскую гімназію, а пасля яе – фізічна-матэматычны факультэт Віленскага універсітэта. Займаўся асветніцкай дзейнасцю, працаваў настаўнікам, дырэктарам гімназіі. Падчас нямецкай акупацыі, нягледзячы на небяспеку, не кінуў асветніцкай справы. Быў арыштаваны гестапа і асуджаны на растрэл, але быў уратаваны былымі вучнямі. У 1944 годзе Барыс Кіт эміграваў за мяжу. Барыс Кіт – доктар філасофіі ў галіне матэматыкі і гісторыі навукі, акадэмік Міжнароднай акадэміі астранаўтыкі ў Парыжы.
Пісьменнік, старшыня аргкамітэту па святкаванні юбілею Барыса Кіта Васіль Якавенка:
– Нам, сучаснікам Барыса Уладзіміравіча, выпаў гонар вітаць гэтага дасціпнага, лагоднага, слаўнага чалавека, які нягледзячы на жыццёвыя перашкоды вырас у стоадсоткавага беларуса.
З сярэдзіны 50-х гадоў Барыс Кіт займаецца навуковай дзейнасцю ў галіне касманаўтыкі, мае дачыненне да значных касмічных праектаў ЗША. Выдаў першы падручнік па паліве для ракетных сістэм.
Кіраўнік аб’яднання “Згуртаванне беларусаў свету “Бацькаўшчына” Алена Макоўская:
– Барыс Кіт – гонар нашай вялікай і магутнай бацькаўшчыны. Пералічваць яго навуковыя званні зойме вельмі шмат часу.Таму скажу каротка: Барыс – адзін з тых, хто вынайшаў формулу ракетнага паліва, дзякуючы якому стала магчымым тое, што амерыканскія астранаўты высадзіліся на месяцы.
У 90-х гадах Барыс Кіт аднаўляе сувязі з радзімай, некалькі разоў прыязджае ў Беларусь. Да вяртання яго імя на радзіме спрычыніліся пісьменнікі Васіль Быкаў, Вольга Іпатава, Васіль Якавенка, Сяргей Законнікаў, Лідзія Савік ды інш.
Уладзімір Арлоў
– Грамадзянам Рэспублікі Беларусь, якім удалося дацягнуць да 45 гадоў, выдаюць новыя пашпарты, тэрмін дзеяння якіх завяршаецца тады, калі ўладальніку спаўняецца 100. Робяцца падставы да пытання супрацоўнікаў памежных службаў. Яны пытаюцца: “А што, у вас так шмат дажывае да ста гадоў”. Я заўсёды адказваю, што сапраўды – у нас больш за ўсё на свеце да ста гадоў дажывае.
Віншаванні Барысу Кіту накіраваў міністр культуры Павел Латушка. Яго агучыў супрацоўнік Міністэрства Віктар Маліноўскі.
Свае віншаванні падчас святочнай вечарыны Барысу Кіту выказалі акадэмік Радзім Гарэцкі, Народная артыстка Беларусі Зінаіда Бандарэнка, галоўны рэдактар газеты “Народная Воля” Іосіф Сярэдзіч, Уладзімір Арлоў, Анатоль Белы ды інш. У песнях ды музыцы імя юбіляра ўзгадалі Алесь Камоцкі, Таццяна Беланогая, Віктар Скарабагатаў.
У межах вечарыны прысутныя мелі магчымасць пазнаёміцца з родным братам Барыса Кіта Львом.
Леў Кіта:
– Сёння я гаварыў з Барысам і сказаў, што іду сюды. Да добрых і адукаваных людзей. Я з ім яшчэ пры панскай Польшчы хадзіў у школу. І займаўся з ім музыкай.
Цягам вечару дэмантравааўся фоташэраг з архіўнымі здымкамі Барыса Кіта, а ў канферэнц-залі змясцілася выстава, прысвечаная юбіляру.
Постаць Барыса Кіта адлюстраваная ў кнізе-трылогіі Васіля Якавенкі “Пакутны век”, а таксама ў кнігах Лідзіі Савік “Вяртанне” і “Космас беларуса”.
Наведнікі запоўнілі ўсе месцы ў залі Палаца мастацтваў, а юбіляру некалькі разоў апладзіравалі стоячы.
Фота (с)