Ёсць прымаўка, што жыццё — гэта тое, што адбываецца з вамі, калі вы будуеце абсалютна іншыя планы. Рэжысёр Андрэй Кудзіненка някепска зведаў яе сэнс на сабе. Спачатку патрапіў у стыпендыянты адмысловага фонду кіраўніка Беларусі па падтрымцы таленавітай моладзі, затым за сваю стужку «Акупацыя. Містэрыі», што ледзь не легендай стала ў цесненькім асяродку беларускага кіно, — перавандраваў у няміласць да чыноўнікаў ад культуры. У лепшых традыцыях жанру, малады рэжысёр з’ехаў за мяжу, здабыў там досвед ды поспех і з трыумфам вярнуўся на радзіму па запрашэнню тых самым чыноўнікаў. Ды яшчэ на сваіх умовах: здымаць не «партызанку», а нікому невядомы «бульба-хорар».