Філосаф Валянцін Акудовіч адметны многімі рэчамі. Але ў чэрвені 2010 года ў каторы раз набылі актуальнасць дзве яго яскравыя асаблівасці: тая, што ён аўтар знакамітага тэзіса «мяне няма», і тая, што ён уладальнік звання «майстар спорту СССР па турызме». Сёлета Акудовіч прыняў канцэптуальнае рашэнне сплыць ад свайго 60-гадовага юбілею па класічным, але тым не менш поўным нечаканасцяў водным маршруце Іслач — Заходняя Бярэзіна — Нёман. Мне выпала магчымасць весці рэпартаж наўпрост з байдаркі, на якой выбітны філосаф здзяйсняў сваю авантуру.