Сярод больш як 600 тысяч прыкладанняў крамы App Store ад пачатку 2012 года з’явілася і версія вядомага кулінарнага сайта Талерка. Значнае месца ў ёй займаюць рэцэпты беларускай і літвінскай кухні, якія, такім чынам, упершыню трапілі ў App Store. У сувязі з гэтым Алесь Белы (АБ) і “Будзьма!” звярнуліся да аўтара праекту “Талерка”, дызайнера Андрэя Азарава.
Алесь Белы: Андрэй, раскажыце пра праект Талерка ўвогуле. Як і калі паўстала ідэя, якія мэты ставіліся спачатку і як яны трансфармаваліся да нашага часу?
Андрэй Азараў: У 1995-м, як толькі я пазнаёміўся з інтэрнэтам, у мяне нарадзілася ідэя завесці ў сеціве асабістую кухарскую кнігу, якая б прадстаўляла ўсе прыгатаваныя мной традыцыйныя стравы. Прыгатаваў, зняў на відэа, апублікаваў – і адразу ж атрымаў каментары і парады ад людзей. Зручна табе, карысна іншым. Але тады, ў 1995-м, не тое што відэа ў інтэрнэце не было, не было нават лічбавай фатаграфіі як тэхналогіі. Таму я вырашыў засвоіць прафесію дызайнера сайтаў і дачакацца лепшых часоў. Яны прыйшлі ў 2005 з першым маім лічбавым Canon. І я адразу ж пачаў працу над Талеркай.
АБ: Якое месца ў Талерцы займае беларуская (або, скажам так, літвінская) кухня? Ці адрозніваеце Вы гэтыя паняцці і як? Як бы Вы вызначылі перспектывы нацыянальнай кухні? Ці можна яе выкарыстоўваць для прасоўвання турыстычнага патэнцыялу краіны, для стымулявання экспарту нашых харчовых тавараў?
АА: На маю думку -— вельмі годнае месца. (Рэцэпты беларускай і літвінскай кухні займаюць пачэснае 3-е месца ў кантэнце Талеркі, амаль 10% ад больш як 500 рэцэптаў, саступаючы толькі італьянскай і французскай кухням. — АБ). Мільёны рускіх, напрыклад, і не падазраюць, што ледзь не палова страваў, якія ім вядомыя як рускія, насамрэч пазычаныя ад нас. Беларуская кухня як тэрмін для мяне меней каштоўная, чым літвінская, хоць бы таму, што адлюстроўвае панурыя ўяўленні савецкага общепита пра значна лепш распрацаваную и больш прэстыжную літвінскую кухню. Якую пры належным мэнэджмэнце цалкам магчыма выкарыстоўваць для гастратурызму. Мне асабіста было б прыемней не вазіць у Маскву сала, каўбасу, беларускі бальзам і розныя кумпякі, а наадварот, бачыць, як тыя ж масквічы едуць да нас, каб тыдзень-два пажыць тут на прыродзе, папіць самагонкі пад нашу ўнікальную закуску.
АБ: Як бы Вы вызначылі характар камунікацыі паміж аўтарам Талеркі і аўдыторыяй, з абодвух бакоў?
АА: Навучанне. Я вучуся таму, чаго не ведаю, іншыя вучацца таму, што ў мяне ўжо атрымалася, трэція вучаць таму, што ўмеюць іх бабулі-дзядулі ці самі, чацвёртыя проста атрымліваюць натхненне ад прагляду. Найлепшы спосаб, як на мяне. Сярод наведнікаў Талеркі ёсць і прафесійныя кухары, і хатнія гаспадыні, і бізнэсмэны, і студэнты.
АБ: Як шмат людзей карыстаюцца Талеркай сёння? Колькі з іх з Беларусі (а таксама выхадцаў з РБ)?
АА: Амаль 3 тысячы чалавек штодзень. Хутка будзе ў разы больш — пасля выхаду прыкладання для IPhone і IPad з усімі 500 рэцэптамі. Пэўна, з Беларусі зусім няшмат, але ж і краіна ў нас зусім невялікая.
АБ: Якую ролю для Вас — і для Вашай аўдыторыі — адыгрывае беларуская мова? Як Ваш сярэднестатыстычны глядач (ці чытач?) рэагуе на “арфаграфічную памылку” ў назве партала?
АА: Пакуль, апроч беларускай назвы самога сайта і новага мабільнага прыкладання, а таксама беларускіх версій назваў нашых страваў, беларускай мовы ў маім праекце няшмат. Але ёсць планы ў новым годзе зрабіць і беларускую версію, калі высветліцца, што аўдыторыі гэта трэба. Сярэднестатыстычны наведнік на беларускую назву або ніяк не рэагуе, або дзівіцца, калі даведваецца, што слова “талерка” бліжэйшая да першакрыніцы, чым рускае “тарелка”. Асабіста для мяне было прынцыпова важна назваць праект менавіта так.
АБ: Раскажыце пра новае мабільнае прыкладанне. На якіх прынцыпах пабудаваны гэты сэрвіс? Як плануеце яго развіваць далей?
АА: Усё вельмі проста. Вы заходзіце ў App Store, спампоўваеце бясплатнае прыкладанне і маеце ў тэлефоне з планшэтам 100 рэцэптаў і якаснае відэа. Астатнія 400 рэцэптаў можаце купіць за 7,99$. У прыкладанні ёсць таймер, які працуе, нават калі яно выключанае. Ёсць магчымасць захоўваць рэцэпты ў сваю асабістую тэчку як “улюбёныя”. Можна адным клікам захаваць спісы прадуктаў для набыцця ў краме, даслаць іх на электронную пошту ці як SMS мужу ці жонцы, падзяліцца рэцэптам у Twitter або Facebook. Ну, і пошук там выдатны, як жа без яго. Дасць Бог, новыя рэцэпты будуць з’яўляцца штомесяц яшчэ гадоў 40.
АБ: Якія Вашыя ўлюбёныя беларускія (літвінскія) стравы?
АА: Дранікі, сыравяленыя каўбасы і кумпякі, бігас.
АБ: Дзякую! Поспехаў пану.
Алесь Белы
Даведка “Будзьма!”:
Азараў Андрэй (нар. 1970), мастак па адукацыі, аўтар кулінарнага блога www.talerka.ru. З 1995 г. пачаў ствараць сайты, быў адным з першых беларускіх вэб-дызайнераў. У 2004—2006 працаваў дызайнерам у студыі Лебедзева. У 2008 г. выкладаў у Нацыянальным інстытуце дызайну (Масква) курс “інтэрактыўны дызайн”. Цяпер працуе крэатыўным дырэктарам па інтэрактыўных праектах у маскоўскім офісе Leo Burnett, аднаго з самых вядомых сусветных рэкламных агенцтваў. Праект Талерка быў пераможцам на 11-м фэсце рэкламы “Идея!” у намінацыі “карпаратыўныя сайты” і лаўрэатам 8-га Кіеўскага фэсту рэкламы ў інтэрактыўным конкурсе, заваяваўшы бронзу ў намінацыі “Некамерцыйныя праекты: забаўляльныя, культурныя, гуманітарныя, экалагічныя”.
App Store — крама мабільных прыкладанняў, раздзел анлайн-супермаркета iTunes Store, якая прадае ўладальнікам мабільных тэлефонаў iPhone, плэераў iPod Touch і планшэтаў iPad розныя прыкладанні. App Store прапануе больш за 600 тыс. прыкладанняў для iPhone і iPod Touch, каля 100 тыс. для iPad, колькасць загрузак перавысіла 15 мільярдаў. Каля 200 мільёнаў карыстальнікаў. Кошт большасці платных прыкладанняў складае ад $0,99 да $9,99, некаторыя прафесійныя прыкладанні каштуюць істотна даражэй. Прыбыткі ад продажаў прыкладанняў размяркоўваюцца наступным чынам: аўтары атрымліваюць 70%, Apple забірае 30%, каб падтрымліваць краму. Афіцыйна Apple сцвярджае, што не збіраецца рабіць грошы на продажах прыкладанняў.