На сустрэчы з Мікалаем Канстанцінам Радзівілам
На што варта раўняцца беларусам? Аб гэтым расказвае Андрэй – бізнэсовец, які займаецца продажам кампутарнай тэхнікі, а ў вольны час – вывучэннем гісторыі роду Радзівілаў. Пазнёміцца з невялікай часткай матэрыялаў, якія ён адшукаў, можна на сайце Radziwill.by. Сайту амаль год, і ен пастаянна папаўняецца новымі цікавымі фактамі, артыкуламі з гісторыі роду Радзівілаў. Таксама Андрэй з’яўляецца аўтарам першай інтэрнэт-крамы па продажы ноўтбукаў на беларускай мове (noutbuki.by).
– Адкуль у вас з’явілася цікавасць да роду Радзівілаў?
– Дзядулю калісь падаравалі альбом жывапісу ХII-XIV ст. Я ў тым альбоме разглядаў партрэты дзяўчат у прыгожых сукенках, мужчын у латах. А выявы ў кнізе былі са збору Нацыянальнага мастацкага музея, і на іх былі Радзівілы. З гэтага, мабыць, усё і пачалося… А займаюся я гісторыяй роду Радзівілаў недзе з 1995 году. Пачаў шукаць літаратуру, але атрымалася так, што кніжак было мала. Давялося хадзіць па архівах, падымаць дзесяцігоддзі таму забытыя звесткі, гутарыць з гісторыкамі, выязджаць у вандроўкі па Беларусі ды Польшчы.
– А як узнікла ідэя стварыць сайт?
– Першая задумка была напісаць вялікую манаграфію. Але кніжка, якая мелася нарадзіцца, вылілася б у амаль бясконцую працу. Мой сябра – праграміст Андрэй Захарэвіч – прапанаваў зрабіць сайт, больш за тое, паабяцаў дапамагчы ў рэалізацыі задумы. Спачатку я паставіўся да ідэі скептычна, бо прызвычаіўся да таго, што пра Радзівілаў трэба апавядаць грунтоўна, па-навуковаму, а сайт і інтэрнэт-прастора ўсё-ткі вымагаюць значнай папулярызацыі і спрашчэння навуковага плёну. Так з 1 чэрвеня 2009 году пачаў працаваць сайт radziwill.by. Сваімі грошамі мы аплацілі даменнае імя і хостынг. Сайт атрымаўся больш просты і сціплы, чым хацелася, але каб зрабіць праект з «радзівілаўскай» раскошай, патрэбныя тысячы даляраў на аплату прафесійных вэб-майстроў. Аналагаў сайту аб Радзівілах няма ні ў Польшчы, ні ў Літве, ні дзе-небудзь яшчэ.
– Хто піша на сайт?
– Я заўсёды кажу і буду казаць: гэты сайт – праект не аднаго чалавека. Праз інтэрнэт-прастору адшукаліся людзі, якія мяне падтрымалі, прапанавалі свае матэрыялы, даследаванні, фатаграфіі, пераклады на беларускую мову. Дзесьці палова матэрыялаў на сайце напісаная не мной, а іншымі людзьмі. Яны вельмі дапамагаюць мне і дадаюць энэргіі. Хачу, каб пра іх таксама ведалі, бо гэтыя людзі працуюць проста за ідэю: А. Багдановіч, Н. Жарская, Д. Крамушчанка, К. Карлюк, А. Мікалаеў-Пашкевіч. Сайт створаны з мэтай сабраць усё цікавае, што пісалася і пішацца аб Радзівілах, у адным месцы.
– Ці былі выпадкі, калі жыццё сайта перасякалася з рэальным?
– Спачатку я думаў: ну, зойдуць людзі, паглядзяць – і ўсё. А атрымалася добрая зваротная сувязь. Кожны тыдзень прыходзяць лісты з Беларусі, Расіі, Украіны, Польшчы. Праз расійскага навукоўца Аляксандра Парніса я атрымаў гісторыю Кацярыны Радзівіл. Яна была звязаная з жыдамасонскай змовай, брыльянтавым магнатам Сэсілам Родсам у Паўднёвай Афрыцы. Пісьменніца Вольга Тарасевіч звярнулася па кансультацыю: яна піша дэтэктывы, дзеянне якіх адбываецца ў Беларусі ў рэальных гістарычных умовах. Алег Лукашэвіч з БТ (ён робіць перадачы пра выбітных беларусаў) прапанаваў мне напісаць сцэнары цыклу аб Радзівілах.
Рэканструяваны габелен з выставы «Мастакі – Мірскаму замку», Нацыянальны мастацкі музей
– Што Вам асабіста прыносіць праца над сайтам? Навошта Вы гэта робіце?
– Я бачу ўзровень развіцця цяперашняй нашай культуры, асабліва сярод моладзі: усе глядзяць на папсу, раўняюцца на кінагерояў – навязаных мас-медыямі асобаў, што не маюць ніякага дачынення да Беларусі, а часцяком – і ўвогуле да культуры. Я хачу, каб моладзь атаясамлівала сябе з беларускімі славутымі асобамі, каб адраджалася нашая слаўная мінуўшчына. Хочацца давесці, што нашая гісторыя пачалася не з Леніна ў 1917 годзе; каб нашая навуковая плынь мела еўрапейскі ўзровень. Мужык з каўтуном у валасах жаліцца на свой лёс? Беларускі народ не такі. Ён адукаваны, здатны жыць добра ў культурным, эканамічным і духоўным плане. Мы павінныя ганарыцца сваімі замкамі, дзеячамі, ведаць з Беларусі больш за аднаго Скарыну, шанаваць не толькі «Песняроў» і цымбалы, чарку, шкварку ды бульбу. Заклікаю ўсіх ахвотных і цікаўных далучацца да праекту. На старонцы radziwill.by можна даведацца, як гэта зрабіць. Да сустрэчы!
Фота ўзятыя з сайта radziwill.by