Мяне часта просяць расказаць падрабязней пра гэтую кактэйль-вечарыну ў гонар былых валадароў дзяржавы, дзе я сустрэў столькі цікавых асобаў. Дык вось, слухайце:
Кактэйль-вечарына ў гонар былых валадароў дзяржавы адбылася ці, дакладней, адбывалася ў новым корпусе часавага-прасторавага кантынууму і нават доўгі час мела вялікую папулярнасць не толькі сярод полацкіх і літоўскіх князёў, але і між урадоўцаў БНР і БССР.
Тут панавала прыязная, дэмакратычная атмасфера, уласцівая людскому калектыву пасля чацвертай чаркі. Сапраўды, тая вечарына суправаджалася дэгустацыяй традыцыйных напояў, такіх як крупнік, збіцень і настойкі “Полаччына пладовая”, а яшчэ — цікавымі размовамі з цікавымі суразмоўцамі.
У гэтых размовах мадэрновыя валадары маглі, да прыкладу, выхваляцца перад сярэднявечнымі валадарамі новымі відамі зброі і ўсякімі найноўшымі электроннымі штучкамі-дручкамі. Паваенны кіраўнік БССР Панцеляймон Панамарэнка, стоячы ля барнай стойкі, давёў да злосці поўныя косці князя Вітаўта, расказваючы яму пра прынцып дзеяння прывезенага са зваяванага Берліну прыстасавання, якое называлася тэлевізарам. “Ты ж разумны мужык! – стаў ушчуваць Панамарэнку ўдзельнік Грунвальдскай бітвы, выпіўшы свой улюбёны віленскі крупнік. – Якія яшчэ зебры ў скрынях? Ты што, верыш гэтым тэўтонам?”
У сваю чаргу сярэднявечныя валадары давалі паслядоўнікам простыя і карысныя парады, як за 50-70 гадоў, не вельмі моцна пры гэтым напружваючыся, давесці магутную – ад мора да мора – краіну да торбы кампактных габарытаў.
Найвялікшая перавага той кактэйль-вечарыны ў гонар былых валадароў дзяржавы палягала ў тым, што праходзіла яна пастаянна, у сэнсе 24 гадзіны на суткі, 365 дзён на год, 100 гадоў на стагоддзе, 10 стагоддзяў на міленіум. Тыя, хто ў выніку выхаду ў адстаўку атрымаў вольную часінку (а таксама тыя, хто меў ключы ад машыны часу, вядома), маглі заўжды завітаць сюды хоць сярод ночы, бо алкаголь і цікавыя суразмоўцы-экс-валадары, у адрозненне ад іншых пагулянак, на ёй не заканчваліся ніколі.
І ўсё роўна некаторыя былыя валадары дзяржавы прымудраліся не абмяжоўвацца адной такой вечарынай. Вялікае Княства Літоўскае, як усеагульна вядома, было не толькі нашай дзяржавай, але і літоўцаў, і таму вялікія князі Міндоўг і Гедымін (раз-пораз паасобку, а часцей – шумлівым дуэтам), наведвалі за адзін раз дзве вечарыны – мінскую і віленскую. Вядомыя таксама прыклады іншых аматараў загулаў – вялікіх князёў літоўскіх і каралёў польскіх Ягайлы і Стэфана Баторыя, пра якіх больш падрабязней у наступным пасце…