Ну, гэта ўсё паэт Баян вінаваты. Прызначылі яго маім памочнікам па паляпшэнні іміджу нашай краіны. А ён, чалавек творчы, вырашыў падысці да пытання з іншага боку: паглядзець, як гэтую праблему вырашаюць людзі ў будучых стагоддзях. “Там людзі разумнейшыя, шмат чаго ведаюць, шмат якія кнопкі націскаюць, — сказаў ён мне. — Ды апавядуць пра нашу краіну ўсю праўду”.
І што? Вось такую справаздачу мне ўчора даслаў ён з ХХІІІ ст.:
…Існаванне такой краіны, як СССР, якая на цэлых семдзесят чатыры гады ХХ стагоддзя разляглася сваімі запамарочнымі абшарамі, акрамя іншых мясцовасцяў, таксама на полацкіх землях, нарадзіла, шаноўны княжа, у гісторыкаў стагоддзя ўжо дваццаць трэцяга безліч пытанняў.
Напрыклад, праблема развалу Савецкага Саюза, а дакладней існаванне самой фразы “Развал СССР”. Паводле падлікаў навукоўцаў, гэтая фраза настолькі часта сустракаецца ў тагачасных летапісах (на тагачаснай мове — “прэсе”), што паводле частаты згадак на 12 адсоткаў выпярэджвае саму абрэвіятуру “СССР”…
Не абмінулі ўвагай гісторыкі ХХІІІ стагоддзя аўдыё- ды відэалетапісы. Паводле іх, словы “Развал Савецкага Саюза” тагачасныя людзі прамаўлялі ў сярэднім на 0,001 секунды хутчэй, чым уласна спалучэнне “Савецкі Саюз”. Нават нягледзячы на тое, што апошняе карацейшае ажно на чатыры склады.
Згэтуль гісторыкі ХХІІІ стагоддзя зрабілі выснову, што “Развал Савецкага Саюза”, або проста “Развал СССР”, і ёсць больш звыклым словазлучэннем, і менавіта яно было сапраўднай назвай гэтай краіны. Таму правільна трэба казаць “Зборная РСССР па футболе” і “Развал СССР — гарант міру і братэрства”, правільна трэба пісаць “Развальная авіяцыя — самая надзейная авіяцыя ў свеце” і правільна трэба спяваць “Мой адрас не дом і не вуліца, мой адрас — Развал СэСэСэР”.
У процівагу гэтай гіпотэзе, Карнэліюс Ціцька ў сваёй кнізе “Атлантыда, Эльдарада, СССР” (Полацк: выдавецтва “Скарынка”, 2212 год) дапускае, што хутчэй за ўсё РСССР спярша развалілі, а потым заснавалі, з той логікі, што калі саветы казалі пра мір, дык неўзабаве абавязкова ў якую-небудзь краіну збройна ўрываліся, а калі падымалі на шчыт роўнасць і правы народаў, дык зазвычай каго-небудзь з гэтых народаў высылалі туды, дзе Макар цялят не ганяў. “Такім парадкам, — парадаксальным чынам высноўвае К. Ціцька, — савецкія ўлады, кажучы пра заснаванне самай справядлівай краіны ў свеце, развалілі яе яшчэ ў зародку”.
Аднак навуковыя колы ХХІІІ стагоддзя адкінулі гіпотэзу Ціцькі, часткова праз ягонае смешнае імя і прозвішча, а часткова — праз папулярную ў тым стагоддзі Тэорыю Зачараванага Кола (іншая назва — Дзірка-Бублікавая Гіпотэза), паводле якой цягам сваёй кар’еры любы палітык з невядомых гістарычнай навуцы прычын лічыць за гонар адрадзіць (ці на благі канец — разваліць) які-небудзь СССР, і таму гэтую дзяржаву цягам гісторыі ў розных частках планеты і Галактыкі адраджалі (і развальвалі) бясконцую колькасць разоў. З гэтага вынікае, што абсалютна няважна, што было спярша, заснаванне ці развал, бо любому развалу СССР папярэднічала нейкая больш ранняе яго заснаванне, а любому заснаванню — ягоны развал на іншым, больш раннім вітку гісторыі, і часта абсалютна ў іншым сектары Галактыкі.
На жаль, тэорыі гісторыкаў ХХІІІ стагоддзя так і засталіся гіпотэзамі, якія немажліва ні даказаць, ні адпрэчыць. Рэч у тым, што ХХІІІ стагоддзе, шаноўны княжа, кішма кішыць усялякімі карыснымі прыстасаваннямі — такімі як нанашчотка для пупка і саманаводная бензапілка для пазногцяў, — якія, акрамя таго што істотна палягчаюць жыццё чалавецтву, у дадатак уганяюць тое чалавецтва ў стан гультаяватай апатыі. І вось менавіта праз гэтую невыносную лёгкасць быцця ў ХХІІІ чалавецтва настолькі зленавалася, што ўжо ніхто ў тыя часы не выходзіць на вуліцу, што з пункту гледжання гісторыкаў прыкры недахоп, бо ніводзін з іх за сваю навуковую кар’еру — каб спраўдзіць ці зняпраўдзіць сваё чарговае геніяльнае дапушчэнне — так ні разу і не адведаў машын часу, усталяваных, між іншага, ва ўсіх вялікіх райцэнтрах рэспублікі.
Менавіта з гэтае прычыны, дарэчы, большасць гісторыкаў ХХІІІ стагоддзя перакананая, што папулярная у канцы ХХ ст. фраза “Якую краіну развалілі” з’яўляецца пытальным сказам…
Як казаў той заяц, ноў комэнт.