– Можа, дзяўчаты, у другую пяцёрку? – млява прапанаваў я. – Там якраз за Касцюшкам месца вызвалілася. Вы ж чаўночніцы, да першай пяцёркі не дацягваеце – бо не для дзяржаўнай карысці працуеце, а для сабе, прыгожых…
– Для сябе? – абурыліся яны. – Ды твой Касцюшка сам гастарбайтарам у Амерыку рвануў, калі яму Сувораў не даў вайсковай справай дома займацца! А мы хоць штодня за мяжу з’язджаем, але заўсёды да вечара вяртаемся. Валюту ў краіну прыносім, між іншага.
…І зноў у мяне на працы крык, лямант – а так усё ціхамірна пачыналася… Пасярод ХV стагоддзя зняў я ўтульны офіс на Бернардынскай вуліцы, ля саменькай Сафіі. Павесіў аб’явы ў СМІ ўсіх часоў, што складаю Топ-5 герояў Беларусі. Каб розныя палкаводцы, валадары дзяржаваў, асветнікі і гуманісты рэзюмэ дасылалі. Не паспеў азірнуцца – цэлы гурт ашмянскіх цётак-чаўночніц на парозе, без усякіх рэзюмэ патрабуе ад мяне немагчымага.
– Але Касцюшка, у адрозненне ад вас, таленавіты палкаводзец, – не здаюся я. – Такія аперацыі ажыццяўляў – хавайся ў бульбу!
– Ды мы самі валютныя аперацыі з літамі, злотымі і далярамі пракручваем, ажно твой Касцюшка можа толькі аблізнуцца, – амаль хорам загаманілі ашмянскія цёткі. – І палкаводцы мы выдатныя – перад мытным аглядам палку кілбасы любых памераў на тры-пятнаццаць увядзем у любую шчыліну, нават у разетку.
– Ты зразумей, начальнік, у нас кожная цётка – баяздольны чаўнок, – выскачыла паперадзе чарнявая цётка ў патранташы з сасісак. – А калі трэба, дык увесь горад ад малога да старога па клятчастай торбе возьме – і ў бой, у сэнсе на мяжу.
– Аднак калі хочаце трапіць у героі, дзе ў вашай дзейнасці культурны ўнёсак, асветніцтва, гуманізм урэшце? – не саступаю я.
Пасля гэтых словаў чарнявая ашмянская цётка пазелянела (пралілася схаваная ў шапцы кантрабандная зялёнка).
– Як дзе культурны ўнёсак?! – загаласіла. – А хто ў ліхія 90-я і такія ж 2000-я дзетак і ўнучак, нашчадкаў нашых, мацаваў?! Калі б не мы, дык яны б не тое што ў свае інстытуты не папаступалі – падручнікаў ад нямогласці і недаядання не разгарнулі б! Вось табе і асветніцтва і гуманізм у адным, халера на яго, флаконе, – дадала цётка і зняла набрынялую зялёнкай шапку.
Адным словам, ашмянскія цёткі яшчэ прыгразілі мне смаргонскіх цётак у Топ-5 зацягнуць. І гудагайскіх… І… адным словам, пасля скрупулёзнай апрацоўкі інфармацыі па рэзюмэ “Топ-5 герояў Беларусі” выглядае наступным чынам:
1. Усяслаў Чарадзей (паводле абсалютна ўсіх абсалютна незалежных экспертаў так выйшла).
2. Ефрасіння Полацкая (каб не казалі, што ў спісе няма жанчын).
3. Янка Купала (каб не казалі, што ў спісе няма непалачан).
4. Ашмянскія цёткі.
5. Тадэвуш Касцюшка.