27.02.2012 | Будзьма ТУТ!

Блог Усяслава Чарадзея. Пост без нумару, у якім слова гвалтам бярэ князёўна Рагнеда

Кароткі змест папярэдніх пастоў. Усяслаў Чарадзей са сваім сябрам зайцам шукаюць, хто стаіць за канцом свету ў 2012 годзе. Пасля складаных і небяспечных пошукаў яны гэтага завадатара выкрываюць. Ім выяўляецца прабабка Чарадзея, князёўна Рагнеда.

…Мы, беларускія жанчыны, сядзелі дома і варылі боршч. Усю нашую тысячагадовую гісторыю. Пакаленне за пакаленнем. У хаце, у замку, у панскай сядзібе. Хто боршч на сале, хто – проста нішчымнае бацвінне…

Пачалося ўсё з мяне, з таго замаху на забойства чалавека, князя Уладзіміра Яснае Сонейка, які майго бацьку Рагвалода пазбавіў жыцця, а мяне – гонару і волі.

Праўда ў тым, што калі я, памаліўшыся Перуну, узяла ў рукі нож, каб забіць зненавіднага кіеўскага князя Уладзіміра Яснае Сонейка, дык той не прачнуўся. Не прачнуўся і ў выніку – што б там ні выдумлялі летапісцы – спыніць мой удар не мог. Князь быў надта п’яны, каб пачуць праз сон хоць нешта.

Удар спыніў мой сын Ізяслаў. Замест таго каб дапамагчы роднай маме, Ізяслаў уклініўся паміж мною і прыспаным Уладзімірам і ўладным рухам той нож затрымаў.

“Мама, я вам загадваю, марш адсюль! – сказаў мне гэты смаркач. – Паберажыце ваш кухонны нож для цыбулі і буракоў. Я дарослы мужчына і хачу зрабіць усё сам”. Убачыўшы яго такі мужны і ўпэўнены позірк, я падпарадкавалася.

І што? Нават такой простай задачы, як забіць бацьку, мой сын рады не даў. З голымі рукамі Ізяслаў падышоў да Уладзіміра, асцярожна даткнуўся бацькавага пляча і досыць далікатна прашаптаў яму на вуха:

“Я вам загадваю, спадар Уладзімір, калі ласка, папа, сыходзьце з нашага дому ў Кіеў. Вы нізкі, падступны, забілі майго дзеда Рагвалода, згвалтавалі маму, забралі нашую спадчыну, Полацкае княства. Вы кепскі. І вы тут не адзін, між іншым, ёсць і іншыя, то бок я”.

Уладзімір не прачнуўся і тады.

Хутка Уладзімір выслаў мяне ў Заслаўе, так і не даведаўшыся пра мой замах (бо, што б там ні казалі летапісцы, калі б ён даведаўся, дык проста забіў бы). Там я ад крыўды і няздзейсненай помсты выкарыстоўвала нож па прызначэнні – рэзала буракі на боршч.

¨¨¨

Гэтак цяклі дзесяцігоддзі: полацкія князі аддаваліся фалічным забавам: мераліся з кіеўскімі і наўгародскімі, у каго вышэйшыя Сафіі, ды, салдацкімі галовамі сцелючы і веючы чужыя душы ад целаў, сублімавалі свае дзіцячыя крыўды і траўмы на братанічах і іх падданых.

Апошняй з нашых жанчын, што дала адпор здзяцінелай і боязкай, а ад таго бязладнай і лютай цывілізацыі мужчын была Еўфрасіння Полацкая.

Гадавалася яна разумная, дасведчаная, кемная – такая магла і кірунак гісторыі памяняць. Але прыспеў тэрмін, і яе бацька Святаслаў, паказаўшы на першага-лепшага жаніха, недвухсэнсоўна сказаў ёй: “Бачыш яго? Гэта той, у доме якога ты будзеш сядзець і варыць боршч”.

Як вы памятаеце з гісторыі, у адказ Еўфрасіння пастрыгла на панк-манер сваіх пляменніц, а на знак пратэсту супраць усялякіх папсовых саф’янаў і старарускіх стразаў апранулася ў чорны прыкід ды арганізавала закрытую фемінісцкую эма-грамаду. І на злосць занялася тым, чым у вачох хлопчыкаў з мечыкамі бавіцца было ніжэй за плінтус: пісьменнасцю і адукацыяй.


Дадаць каментар

*

*

Апошнія навіны

Яндекс.Метрика