Што аб’ядноўвае аднапалатны парламент і шафу для сушкі посуду? Або пасылку для будучай мамы, саўну, бясплатныя школьныя абеды і смс-паведамленні? Усё гэта фінскія сацыяльныя інавацыі.
Унікальную калекцыю з сотні такіх ноў-хаў сабраў і змясціў пад адной вокладкай няўрымслівы Ілка Тайпале — лекар і грамадскі дзеяч, у нядаўнім мінулым — дэпутат фінскага парламенту і заснавальнік фінскага філіяла міжнароднай арганізацыі “Урачы свету за прадухіленне ядзернай вайны”.
Пераклад кнігі «100 сацыяльных інавацый з Фінляндыі» на беларускую мову выйшаў у выдавецтве Уладзіміра Сіўчыкава ва ўзнаўленні Якуба Лапаткі і быў прэзентаваны публіцы 31 траўня ў сталічным гатэлі «DoubleTree by Hilton».
Мерапрыемста было арганізаванае Аддзяленнем пасольства Фінляндыі ў Беларусі сумесна з офісам ЮНФПА ў Мінску.
Вёў імпрэзу кіраўнік мінскага аддзялення амбасады Фінляндыі Лаўры Пупала. На прэзентацыі выступілі «галоўныя імяніннікі» — Ілка і Вапу Тайпале, а таксама амбасадар Фінляндыі Крыстар Мікельсан і прадстаўніца ЮНФПА Вольга Лукашкова.
У сваім слове пісьменнік і выдавец Уладзімір Сіўчыкаў расказаў пра непасрэдную працу над кнігай, звярнуў увагу прысутных на дзве юбілейныя даты – 100-годдзе дзяржаўнай незалежнасці Фінляндыі і 500-годдзе беларускага кнігадруку, дзейсны ўдзел у святкаванні якога бярэ і грамадска-культурніцкая кампанія «Будзьма беларусамі!», а таксама праанансаваў выхад «Кароткай граматыкі фінскай мовы» ў серыі «Беларускія ЕўраГраматыкі».
Пра выдавецкую серыю «Паэты планеты» і адну з яе навінак – «Выбраныя творы» класіка фінскай літаратуры Катры Валы — казаў перакладчык Лявон Баршчэўскі. Вольга Рызмакова расказала пра том Хенрыка Мейнандэра “Гісторыя Фінляндыі. Лініі, структуры, пераломныя моманты”, якую яна пераклала са шведскай мовы.
Напрыканцы вечарыны госці паглядзелі афіцыйнае прадстаўленне дакументальнага фільма “Калевала” (цалкам адзнятага і змантаванага ў Мінску), дзе прадстаўнікі розных этнасаў дэкламавалі радкі з карэла-фінскага эпасу на родных мовах, а ў кулуарах за кубачкам кавы пасмакавалі нацыянальныя фінскія стравы.
Раіса Шастак