Напачатку вечарыны, што адбылася ў межах кампаніі “Будзьма беларусамі!” 27 красавіка, гаспадыня, дырэктарка Літаратурнага музея Максіма Багдановіча Марына Запартыка падзяквала выдавецтву “Папуры” за тое, што дом беларускага класіка абраны месцам прэзентацыі серыі “Мая беларуская кніга”, у якой пабачылі свет ужо 38 тамоў, перадала мікрафон маршалку, адному з каардынатараў і складальнікаў серыі, пісьменніку Уладзіміру Сіўчыкаву.
Ён прадстаўляў гасцям, якія маглі набыць кнігі па выдавецкім кошце, сваіх калегаў, сяброў рэдакцыйнай рады серыі, літаратараў, навукоўцаў, педагогаў — Уладзіміра Арлова, Лявона Баршчэўскага і Пятра Васючэнку, якія расказалі пра гісторыю стварэння адметнай серыі і пра яе перспектывы (ужо ў чэрвені мяркуецца выдрукаваць чарговы транш з 12-15 тамоў – Васіля Быкава, Уладзіміра Караткевіча, Кастуся Тарасава, Юзафа Ігнацага Крашэўскага, Элізы Ажэшкі і інш.), адказалі на шэраг пытанняў слухачоў – настаўнікаў, выкладчыкаў, выдавецкіх і музейных работнікаў, ліцэістаў Коласаўскага ліцэя, студэнтаў лінгвістычнага універсітэта.
З асаблівай цікавасцю слухалі спадкаеміц нашых класікаў – дачку Алеся Адамовіча Наталлю Адамовіч і пляменніцу Уладзіміра Караткевіча Алену Сінькевіч.
Аздобаю імпрэзы сталіся песні ў выкананні Ксеніі Сляшынскай пад гітарны акампанемент Андрэя Авадзюня – “Трэба дома бываць часцей” (словы Рыгора Барадуліна), “Пахне чабор” (словы Петруся Броўкі) і “Край мой беларускі” (словы Ніла Гілевіча).
На заканчэнне літаратары далі ахвотным аўтографы на ўкладзенымі імі кнігамі паэзіі і прозы, на апрацаваных і пераказаных фальклорных тамах “Сіняя Світа” і “Зачараваны Замак”, далі інтэрв’ю карэспандэнтам інтэрнэт-парталаў tut.by, OZ.by, тэлеканала “Берсат”, радыёжурналістам, кінадакументалістам.
УС
Фота Яўген Масарноўскі