16 мая на сустрэчу з журналістам і пісьменнікам Аляксандрам Тамковічам, а таксама з яго сябрамі — пісьменнікам і выдаўцом Уладзімірам Сіўчыкавым і са спявачкай Таццянай Грыневіч прыйшлі студэнты і выкладчыкі-валанцёры (адна з іх, Аксана Барысевіч, была за арганізатарку імпрэзы) сталічнага Універсітэта трэцяга ўзросту.
За вядоўцу выступіў Уладзімір Сіўчыкаў, які расказаў пра сучасны стан беларускае літаратуры, пра яе поспехі і дасягненні, пра адметны, юбілейны для беларускага кнігадруку год, а таксама пачытаў свае творы з кніжак “Кошык Велікодны” і “Уладзевы гісторыі”.
Аляксандр Тамковіч расказаў найперш пра сваю публіцыстычную кнігу “Філасофія дабрыні: ад катастрофы да сада надзеі”, прысвечаную Чарнобыльскай трагедыі, а таксама тым, што цягавіта, самаахвярна і мужна спрыяў аздараўленню беларускіх дзяцей цягам 30 гадоў.
Падзяліўся ён і творчымі планамі: рыхтуе да выдання сваю 19-ю кнігу – «Мазаіка жыцця», у якой сабраныя пад адной вокладкай гісторыі творцаў, выдатных дзеячаў сучаснай Беларусі. “Усім нам пашанцавала: цяпер можам даведацца пра жыццё выдатных сучаснікаў-творцаў, як кажуць, з першакрыніц, — казаў літаратар. — У гэтым сэнсе „Мазаіка жыцця” — кніга ўнікальная, бо дае магчымасць дазнацца не толькі тое, што кажуць пра знаных асобаў іншыя, але і прычытаць і пачуць аўтааповеды саміх гэтых асобаў.
Менавіта пачуць, бо ў кожным радку гучыць найперш не мой голас, а голас таго, з кім я размаўляю. Пранікнёны голас успамінаў. Без пафасу і ўзнёслых эпітэтаў. Голас шчырасці і прастаты.
У гэтых асобаў ёсць адна агульная рыса. Нікому з іх жыццё не прыносіла поспех “на сподачку”, слава не прыходзіла да іх “па блату”. Усяго ў жыцці яны дабіваліся самі. Працавітасцю і мэтанакіраванасцю, талентам і руплівасцю.
Як вядома, слова “мазаіка” паходзіць з латыні і першапачаткова азначала “твор, прысвечаны музам”. Да нас яно дайшло праз італійскую і французскую мовы. Адно з сучасных яго значэнняў — “злучэнне рознародных элементаў, стракатая сумесь”, то бок тое, што і ёсць ў кнізе.
Толькі з дадаткам мноства біяграфічных момантаў. Момантаў, якія дагэтуль мала хто ведаў, а таксама фотаздымкаў, якія мала хто бачыў раней.
Сярод маіх герояў – Зьміцер Вайцюшкевіч, Іван Кірчук, Алесь Камоцкі, Віктар Марціновіч, Андрэй Курэйчык, Алена Анісім, Алесь Пашкевіч, Барыс Пятровіч, Ніна Шыдлоўская і многія іншыя.”
Упрыгажэннем імпрэзы сталіся песні на словы Максіма Багдановіча, Уладзіміра Дубоўкі, Генадзя Бураўкіна і Сержука Сокалава-Воюша ў майстэрскім і пранікнёным выкананні Тяццяны Грыневіч.
Раіна Шастак
Фота аўтара