8 чэрвеня, напярэдадні музычна- паэтычнага фэсту “Славянскі вянок”, ў Бярозаўскай школе № 1 Эдуард Акулін разам з Валянцінай Осіпавай правялі творчую сустрэчу з вучнямі сярэдніх і малодшых класаў. Прысутным нагадалі пра тое, якую важную для ўсяго славянскага свету дату азначае ў гэтым годзе наша Беларусь. 500-годдзе беларускага кнігадрукавання – гонар нашай нацыі. Вялася размова аб вялікай спадчыне – кнігах, надрукаваных Францыскам Скарынам. Дзеці з вялікай цікавасцю слухалі, як госці распавядалі пра лёс і дзейнасць знакамітага беларускага першадрукара. Школьнікі, нягледзячы на невялікі ўзрост, актыўна ўключыліся і ў гістарычна – літаратурную віктарыну, якую правяла Валянціна Осіпава. Трэба адзначыць, што былі цікавыя адказы і разважанні аб унёску беларускіх літаратараў у скарбніцу сусветнай культуры. Падчас творчай сустрэчы з паэтамі гучала не толькі вершаванае Слова. Асаблівы каларыт імпрэзе прыдалі песні ў выкананні Эдуарда Акуліна. Знакамітаму беларускаму паэту- барду з вялікім захапленнем дапамагала спяваць дружная дзіцячая аўдыторыя. Эдуард Акулін, як галоўны рэдактар самага маладога літаратурнага выдання, прадэманстраваў прысутным вельмі прыгожы часопіс “Верасень” і запрасіў усіх школьнікаў смела дасылаць у рэспубліканскі друк свае творы, каб прадоўжыць слаўныя традыцыі літаратурнай Бярозаўшчыны.
На развітанне дзеці, акрамя цудоўнага творчага настрою, атрымалі ў падарунак прыгожыя паштоўкі, часопісы і сувеніры ад кампаніі “Будзьма беларусамі!”, у межах якой ладзіліся сустрэча.