15.03.2017 | Навіны "Будзьма!" У краіне

500-годнасць і “Прыгоды барона Мюнхгаўзэна” ў Гародні

 

11 сакавіка ў гарадзенскай краме-кнігарні “Цудоўня” прайшла прэзентацыя беларускага перакладу “Прыгод барона Мюнхгаўзэна” Бюргера і Распэ, прымеркаваная да 500-годдзя беларускага друку. Перакладчык кнігі Ігар Крэбс і яе рэдактарка, а таксама перакладчыца інтэрнэт-часопіса “ПрайдзіСвет” Ганна Янкута разам з наведнікамі “Цудоўні” ўшанавалі гэты важны для беларускай культуры юбілей.

Успомніўшы пра ўнёсак Скарыны ў беларускі кнігадрук, Ганна Янкута расказала пра сучасныя перакладныя выданні, што рыхтуе каманда інтэрнэт-часопіса “ПрайдзіСвет”, і прадставіла Ігара Крэбса, перакладчыка гісторый пра барона Мюнхгаўзэна. Ігар Крэбс пачаў з таго, што расказаў, якім чынам кніга звязаная з Гародняй: на гербе горада выяўлены алень св. Губерта, і адна з гісторый з кнігі звязаная менавіта з ім. Праўда, паміж рагоў у яго зусім не крыж, а вішнёвае дрэва. Перакладчык выказаў меркаванне, што барон Мюнхгаўзэн, відаць, бываў у ваколіцах Гародні — прынамсі, тэкст кнігі дае для такога меркавання ўсе падставы. Пасля Ганна Янкута прачытала жартоўную прадмову да кнігі і правяла сярод прысутных конкурс на веданне гісторый пра барона Мюнхгаўзэна. Выявілася, што шмат хто з прысутных чытаў дзіцячую версію кнігі, і самыя добрыя знаўцы атрымалі падарункі — паштоўкі “Не маўчы па-беларуску” ад кампаніі “Будзьма беларусамі!”.

 

Пасля віктарыны Ігар Крэбс раскрыў некалькі таямніц, звязаных з кнігай. Ён расказаў, чаму па-беларуску імя барона не Мюнхаўзен, а Мюнхгаўзэн, чаму насамрэч у кнігі два аўтары — не толькі Распэ, але і Бюргер, а таксама як рускі перакладчык Карней Чукоўскі зрабіў кнігу дзіцячай, выкінуўшы з яе самыя “дарослыя” гісторыі. Затым Ганна Янкута правяла яшчэ адну віктарыну — гэтым разам на веданне біяграфіі Францыска Скарыны, і паколькі гэты конкурс быў больш сур’ёзны і складаны, пераможцы атрымалі ў падарунак больш сур’ёзныя прызы — дыскі з беларускай музыкай.

Паколькі наведнікаў вечарыны вельмі цікавіла, якія менавіта гісторыі пра барона Мюнхгаўзэна не трапілі ў дзіцячую версію, Ігар Крэбс і Ганна Янкута зачыталі некалькі фрагментаў з кнігі — пра тое, як да барона трапіла прашча цара Давіда, пра знаёмства барона з Венерай і Вулканам, пра тое, як барон уратаваўся ад мядзведзя. Пасля гэтага перакладчыкі зладзілі кароткія паэтычныя чытанні і прадставілі гарадзенцам зборнікі вершаў Генрыха Гайнэ, Эдгара По і Джона Кітса з серыі “Паэты планеты” і правялі кароткую экскурсію па кнігах з серыі “PostScriptum” інтэрнэт-часопіса “ПрайдзіСвет” і Саюза беларускіх пісьменнікаў. Затым усе прысутныя маглі задаць перакладчыкам пытанні, і ў канцы вечарыны гасцей чакаў сюрпрыз: самыя актыўныя ўдзельнікі конкурсу, віктарыны і размовы пра пераклады атрымалі галоўныя падарункі ад кампаніі “Будзьма беларусамі!” — кнігі і торбу “Беларусь — краіна цмокаў”.

 

 

 

 

Тэгі:

Дадаць каментар

*

*

Апошнія навіны

Яндекс.Метрика