У межах акцыі “500-годнасць”, прысвечанай юбілею беларускага кнігадруку, 20 верасня ў Маладзечанскім музычным каледжы імя Агінскага адбыўся незвычайны канцэрт. У госці да будучых музыкантаў і спевакоў завіталі гурт традыцыйных спеваў “Мярэжа” і дудар Зміцер Мурашка. Навучэнцы і выкладчыкі каледжа змаглі нажывую пачуць гукі старажытнага беларускага музычнага інструмента – дуды, а спявачкі гурта “Мярэжа” распавялі пра традыцыі беларускага вяселля і прадставілі слухачам узоры вясельных песень з розных рэгіёнаў Беларусі. Выступ гурта стаў завяршальнай кропкай культурна-асветніцкага фестываля “ І адвечна гучыць беларускае слова”, які праводзіўся на працягу года ў музычным каледжы. Найбольш актыўныя ўдзельнікі фестывалю – знаўцы беларускай мовы і культуры – атрымалі прыемныя падарункі ад грамадскай культурніцкай кампаніі “Будзьма беларусамі!”.