Ці кожны з нас, жывучы ў гэтым памятлівым Краі, ведае свой радавод а хаця б да трэцяга калена? Ці кожнаму пашчасціла пераняць ад продкаў тонкую срэбную ніціну повязі, што трымае, беражэ і ратуе праз часы і падзеі? Ці кожны пратупвае радасна і шчасліва сцяжыну да роднага гнязда, расхінаючы голле радавога Дрэва, каб сугрэцца і спасцігнуць нешта надзвычай важнае і значнае – дзеля сябе самога і нашчадкаў? Дзеля хады ў годную наступнасць.
А вось у некаторых невялічкіх, ледзь не спустэленых дарэшты вёсачках Палесся ўсё яшчэ гарыць яснютка прадзедаў каганец і гучаць, хай сабе й нешмагалоса, даўнюткія тужлівыя песні. І надараецца ж такое: спасярод восеньскага адцвітання штогоду на родавым падворку сям’і Быцкоў у Залессі, што блізу Кобрына на Берасцейшчыне, раптам збіраецца немалая-такі грамада павітаць укарэненых тут дбайцаў… узнаўленнем-квітненнем.
Вось і сёлета 30-га верасня, у апошнюю суботу залачонага месяца, небакрылілі тут стараладныя спевы і віхурылі паўзабытыя бабуліны танцы. Згуртаваліся вяскоўцы й вакол гасцей са сталіцы – барда Алеся Камоцкага і паэткі Антаніны Хатэнкі. Шчымлівыя песні і вершы разам паслухалі, пра ўсё дарагое-блізкае шчыра пагаманілі.
І дзе, здавалася б, схаваўся даўно той час, калі хадзіў Францішак Скарына па ўсенькай Еўропе, вышукваючы мажлівасць перадаць Слова Божае на мове народу свайго, а народ і дагэтуль удзячліва прымае той дар ды цешыцца здабыткам першадрукара Бацькаўшчыны.
Бо нішто не знікае тут, на шляхах радзімных, а складаецца ў паданні, спаміны, хронікі. І з летапісаў ды згадак снуецца наноў палатно гісторыі – радно роду. Не застаецца й кроплі сумневу ў той векавой злучнасці, калі сыходзяцца ў адзінасць думкі тых, хто адужвае доўгае нялёгкае жыццё, поўнае выпрабаванняў і пакут, і тых, хто становіцца на падмогу старэйшым ды вядзе рэй далей.
Гэтак менавіта й адбываліся сустрэчы Алеся Камоцкага і Антаніны Хатэнкі з палешукамі Кобрыншчыны і Драгічыншчыны – у паразуменні і парыванні ведаць і памятаць пачаткі свае, вытокі свае. Розніца хіба ў тым, што ў Залессі яшчэ збольшага паўней і вальней дыхае жыццё, прыклікаючы й маладзейшых на айчынную ніву, да цёплых матуліных парогаў, а ў вёсачцы Сорацні непадалёк ад Драгічына жыткуюць ужо збольшага людзі залатога веку, чакаючы званых альбо й зусім выпадковых добрых гасцей.
Спаленае ў гады Другой усясветнай вайны, селішча здолела аднавіцца і стаць, як птаха, на крыло, каб заместа 40 загінулых у агні жыхароў нагадаваць магутных парасткаў. Аднак жа глабалізацыя насцігла й гэты ўтульны куток Беларусі: сабраліся на нядзельную гамонку 1-га кастрычніка з мінскімі завітанцамі пераважна бабулькі ды дзядулькі.
Затое як адкрыта-ўсмешліва радаваліся яны кожнаму зычліваму слоўцу, як ганарыліся, што далучаны наўпрост да 500-годнасці кнігадруку. Далучаны найперш праз малітоўную любоў да зямлі сваёй і да продкаў, праз ціхае супольнае спяванне і ледзь не спавядальнае спамінанне сябе саміх маладымі, памкнёнымі, упэўненымі гаспадарамі лёсаў і хацін. Далучаны праз нашчадкаў, раскіданых па ўсім свеце ды не згубленых, – прыналежных справай і подумам да Беларусі.
Напэўна, толькі дзеці ды тыя з нас, каму суджана дажыць да глыбокай сівізны, умеюць гэтак чулліва прымаць дарункі і гэтак хораша, светла, узвышана аддаваць узамен душэўную цеплыню.
Ліставейныя восеньскія дні 30-га верасня і 1-га кастрычніка на Палессі, шчодра ахутаныя сонцам, нажывіліся ахоўным спадзевам: тут, дзе парассыпаны сляды папярэднікаў, куды звыкла павяртаюцца з выраю буслы, дзе спеюць урачыста арабіны і бруіць чысцютка палесскае непаўторнае маўленне, у прамінуласць і ў прышласць праз нас, цяперашніх рупліўцаў, вястуецца непрыкметная, але непераможная годнасць Быць і Застацца. Быць, каб услед за табой ішлі наступнікі, жыватворна падсілкаваныя адзінай на ўсе пакаленні мудрай любоўю Роду-народу.