Дарогі лета заводзяць, здараецца, зусім у нечаканыя мясціны. І адкрываюць зусім не пазнаныя дагэтуль рэчы.
Гэтак акурат і адбылося з Тацянай Грыневіч ды Антанінай Хатэнкай часам вандравання па гістарычным бальшаку 500-годнасці нашага кнігадруку. Паклікаў іх 25-га ліпеня старажытны Віцебск – на традыцыйны фэст “Барадулінкі”, наладжаны ў межах свята гораду. Ды шлях падказаў яшчэ адзін прыпынак – вёску Янаўшчына ў Крупскім раёне на Міншчыне, у якой вольна размясціўся аднайменны дзіцячы летнік.
І гэтая сустрэча з дзятвой аказалася добрай прыступкай да вечаровай гаворкі ў Віцебску. Якіх толькі пытанняў ні задавалі цікаўныя падлеткі ў вольнай прасторы сустрэчы, збудаванай ані трошку не падобна да школьных заняткаў! Пра паэзію і музыку, пра першыя друкаваныя кнігі і музычныя інструменты, пра Купалле і папараць-кветку… А найперш – пра наступнае спатканне з песняй і вершам. Спатканне, падобнае да падарожжа ў часе.
Бо за гадзіну гаворкі завітанцы-госці і гаспадары пабывалі, падалося, і ля друкарскага варштату Францыска Скарыны, і ў вясковай хаце, дзе прытулілася народная песня, і… нават у паходзе княжай дружыны супраць ворага-нашэсніка. Не кажучы ўжо пра стромую гару з купальскім вогнішчам ды гушчар, дзе сцеражэ чароўны квет шчасця суровы купальскі Дзядок.
Дзівосныя, ня знаныя раней, скарбы адкрыліся кожнаму, хто спрычыніўся пахмурным днём да спадчыны, да тых сцямнелых глыбіняў, у якіх неадольна варушацца карані памяці. І радасць ад такога дотыку да сваіх пачаткаў была нястрымная. Зала поўнілася спевамі ды гульнямі-танцамі. Нават злёгку выдавала на тое, што ўсе прысутныя – дарослыя і адпачыванцы летніку – даўно засумавалі па супольнай інтэлектуальнай і творчай працы.
Таму дарункі ад кампаніі “Будзьма” якраз і сталіся добрым даважкам да здабытых ведаў пра саміх сябе на сваёй зямлі, пра годнасць і харобрасць продкаў, якія не саслаблі ў вяках, а перадаюцца нашчадна далей, да новых пакаленняў.
Таму й віцебскія “Барадулінкі”, шчодра раздорвалыя залацінкі спрадвечнай культуры ў вабным кутку старога гораду, пад аховай князя Альгерда, гэтаксама разнасцежылі далягляды ў нашу нацыянальную вечнасць. І роздум пра духоўныя каштоўнасці, пра пошукі і сцверджанне сваёй адметнасці ў свеце, пра ўзвышэнне Скарынам нашае мовы да статусу кніжнай неўпрыкмет апавіўся рамансамі, наспяванымі Тацянай Матафонавай, ды лірычнымі вершамі Антаніны Хатэнкі. Гэтак стварылася непаўторная атмасфера даверу і паразумення. Зрэшты, іначай і не магло стацца: найлепшы з нашых паэтаў з Вушаччыны, Рыгор Барадулін, нібыта, назіраў з нябёсаў за ўсёй размаітай, шматколернай і шматгалосай мастацкай дзеяй, разгорнутай пад смяшлівай, быццам, назвай “Барадулінкі”, і цешыўся з таго, як натуральна ўзнаўляецца паўзабыты звычай збіраццам разам і абменьвацца святлом і дабрынёй, згадкамі і думкамі. Каб не перарывалася повязь часоў.
У часе ж цяперашнім – і ў летніку блізу слыннага возера Сялява і на вуліцах абласнога цэнтру – раскута і ўрачыста абвясцілася 500-годнасць кнігадруку, азначыўшы веліч і мудрасць нашых папярэднікаў, з якой і дагэтуль мы жывімся сілай еднасці і адданасці сваёй краіне.