16 лютага паэтка Валянціна Осіпава, па ласкаваму запрашэнню настаўнікаў Ліноўскай сярэдняй школы і заснавальніка Мядовай прэміі паэта і пчаляра Міколы Папекі, наведала Пружаншчыну. Паэтычная імпрэза адбылася ў межах кампаніі “Будзьма беларусамі!” і акцыі “500-годнасць”, якая актыўна праходзіць у нашай краіне. Вучні Ліноўскай сярэдняй школы з вялікай цікавасцю слухалі пра мерапрыемствы, якія праводзяцца кампаніяй з нагоды святкавання 500-годдзя беларускага кнігадруку, пра асноўную дзейнасць грамадскай культурніцкай кампаніі “Будзьма беларусамі!”. Валянціна Осіпава пазнаёміла школьнікаў з уласнымі вершамі і творчай дзейнасцю. З асаблівай цікавасцю слухачы ўспрыймалі вершаваныя вобразы паэтаў срэбнага веку.
ІГАР СЕВЯРАНІН
Вы любілі іронію. Вы любілі паэзію,
І двухсэнсавай славы спазналі Вы слодыч.
Веліч духа віталі і віталі гарэзы.
“Верны сябар абраных, прыніжаных родзіч”.
Вы царылі ў салонах. Вы любілі фанфары.
Чулі ўсмешкі Вы ўслед. Жанглявалі Вы чарамі.
Вашы трагікамедыі пацьмянелыя твары
Азаралі надзеяй, парывамі, марамі.
Вы любілі жыць мроямі ў момант напружаны
І пад мантыяй фарсу хавалі Вы боль.
Ад Радзімы чакалі падзячныя ружы…
Паэт сумнай усмешкі. Забыты кароль.
ГЕОРГІЙ ІВАНОЎ
Саюз парываў годных і заганы
Пакінуў у душы Паэта след…
Не фарысей, не кніжнік, не аскет…
Быў музай пераборлівай абраны.
Ён бачыў ззянне скрозь жыццёвы дым.
Парывам да святла з бяздоннай пасткі —
Злучаў у творы росчыркам адным
Прыўкраснага разроненыя часткі.
Сустрэча прайшла ў цёплай эмацыянальнай атмасферы. Дзеці задавалі цікавыя пытанні, дзяліліся думкамі і ўражаннямі. Многія з іх за актыўны ўдзел былі ўзнагароджаны памятнымі пачтоўкамі , а школьная бібліятэка, дзякуючы кампаніі “Будзьма беларусамі!”, папоўнілася новымі экзэмплярамі сучасных беларускіх часопісаў.