У папулярнай баранавіцкай кавярні “ У госці” увечары 2 кастрычніка была асабліва цёплая атмасфера. У госці да чытачоў завітаў літаратурны дэсант з Менску ў складзе Уладзіміра Арлова, Ігара Крэбса і Андрэя Хадановіча.
Уладзімір Арлоў прэзентаваў сваю новую кнігу прозы “ Танцы над горадам”, а таксама кнігу для дзяцей і падлеткаў “Айчына: маляўнічая гісторыя”.
Андрэй Хадановіч , які захапіў з сабой і гітару, вёў гаворку пра новыя кнігі сваіх перакладаў, у прыватнасці пра зусім свежы зборнік выбраных твораў Шарля Бадлера.Вялікую ўвагу публікі выклікала і размова пра недаўна перакладзеную Андрэем “Суперкнігу пра Біла з Болаю” шведскай дзіцячай пісьменніцы і мастачкі Гунілы Бэргстрэм.
Перакладчык Ігар Крэбс пазнаёміў аўдыторыю з выбранымі вершамі Генрыха Гайнэ, а таксама з перастворанымі ім па-беларуску “Прыгодамі барона Мюнхгаўзена”. Сустрэча адбылася ў межах кампаніі “Будзьма беларусамі!” і агульнанацыянальнай акцыі “Наша 500-годнасць”, прысвечанай юбілею беларускага кнігадруку.