У межах кампаніі “Будзьма беларусамі!” і акцыі “Пяцісотгоднасць” 22 жніўня ў Лунінцы адбыліся два выступы сябраў Саюза беларускіх пісьменнікаў Аксаны Спрынчан і Вадзіма Жылко.
Першая сустрэча прайшла ў Лунінецкай дзіцячай бібліятэцы, сярод слухачоў былі выхаванцы і педагогі сацыяльна-педагагічнага цэнтра, іншыя дзеці і іх бацькі. Вадзім Жылко распавёў пра значнасць сёлетняга юбілею для беларускай культуры і пісьменства. Аксана Спрынчан прадставіла сваю “Смачную кнігу” для дзяцей, разам з дачкой Альжбэтай чытала вершы, казкі, прапаноўвала загадкі. Усе актыўныя ўдзельнікі атрымалі падарункі ад “Будзьма” і салодкія пачастункі.
Другая імпрэза адбылася ў раённай бібліятэцы. З творамі выступілі не толькі госці, але і мясцовыя аўтары – сябры клуба “Літаратурная правінцыя” пры бібліятэцы Віктар Пінігін, Сцяпан Нефідовіч, Васіль Туміловіч, Максім Казун, Вольга Грыдзюшка, Галіна Брэзіна, Настасся Пратасавіцкая, Аляксандр Бекеш, Людміла Бабіч, Марыя Міснікава, бібліятэкары Ірына Хлуд, Галіна Гаўрыловіч, загадчыца Мікашэвіцкай бібліятэкі Аксана Маркевіч ды інш. Супрацоўніца Язвінскага сельскага Дома культуры Галіна Абрамчук разам з дзяўчынкамі, што займаюцца ў гуртку пры клубнай установе, выканалі паэтычную кампазіцыю. Завіталі на сустрэчу і некалькі сябраў раённай арганізацыі БРСМ, з цікавасцю ўспрымаючы творчую вечарыну. Усе ўдзельнікі былі адзначаны падарункамі і сувенірамі ад “Будзьма”.