17.03.2017 | Навіны "Будзьма!"

500-годнасць ў Акадэміі фізкультуры

Творчая сустрэча ў межах святкавання 500-годнасці кнігадруку адбылася 7-га сакавіка ў Акадэміі фізкультуры ў Мінску. Перад студэнтамі і выкладчыкамі Акадэміі выступілі Антаніна Хатэнка і Алесь Камоцкі.

Гучалі паэзія і аўтарская песня, а таксама – рамансы на вершы Максіма Багдановіча, Рыгора Барадуліна ў выкананні А.Камоцкага.

Былі зарганізаваны інтэлектуальныя віктарыны на літаратурныя ды гістарычныя тэмы. А раз гэтае рамантычнае спатканне дзеілася на самым пачатку вясны, то й фарбы з’яўляліся яркія, светлыя, прыцягальныя. Тым больш, што ў зале, дзе сабраліся прыхільнікі айчыннага слова, гэтай парой экспанавалася мастацкая выстава Таццяны Ласкі, з карцін якой насамрэч глядзіць у свет цэлае неабдымнае багацце кветак.

Антаніна Хатэнка перамяжоўвала чытанне вершаў развагамі пра нашу мінуласць і будучынь, пра нашы каштоўнасці і сягненні колісь даўно і цяпер, у сучаснасці. Упадабала моладзь своеасаблівую гульню ў згадванне слынных злюбных пар з нацыянальнае гісторыі, літаратуры, мастацтва.

Гэтак паўсталі перад глядацкай аўдыторыяй вядомыя прыгожыя аповеды пра каханне Барбары Радзівіл і караля Аўгуста Жыгімонта, Францыска Скарыны і Маргарыты, Адама Міцкевіча і Марылі Верашчакі, Кастуся Каліноўскага і Марысі ды іншыя, зберажоныя ў народнай памяці.

Дзяўчаты і юнакі зацікаўлена слухалі роздум пра знакамітых папярэднікаў, што ўславілі наш Край, і пра дзень сённяшні, які чакае нашых агульных вымог, каб здабыткі продкаў не былі растрачаны-пагублены, а ўшаноўваліся ды памнажаліся.

Але найперш гэты вясновы дзень і прастору, наскрозь прасякнутую пачуццём абуджэння – у прыродзе і людзкіх узаемінах, – поўнілі паэзія і музыка. І так складаліся паразуменне, гармонія, паяднанне памкненняў захоўваць і аднаўляць спадчыну.

На развітанне прысутным былі падораны сімвалічныя падарункі ад кампаніі “Будзьма”, “заробленыя” імі ў конкурсах ды гульнёвых апытанках.

Падзяка ж гасцям сталася нечакана ўзрушлівай і вясёлай: студэнты з далёкай Бангладэш апантана спявалі ўлюбёныя творы з Радзімы.

Асабліва ж усцешыў той факт, што на сустрэчу валанторы з Акадэміі прывялі апекаваных імі схварэлых людзей ад Таварыства інвалідаў, і тыя шчыра, узрадавана, неяк асабліва адкрыта і непасрэдна, нібыта дзеці, рэагавалі на музыку і вершы.

Гэткім чынам, да 500-годнасці кнігадруку як праявы беларускага Духу далучыліся гэтым разам, акрамя студэнтаў ды выкладнікаў Акадэміі, і замежнікі і група людзей, абкрадзеных лёсам у мажлівасцях шырокага пазнання свету і святкавання гістарычна значных падзей Краіны.

 

 

 

 


Дадаць каментар

*

*

Апошнія навіны

Яндекс.Метрика