27 лістапада ў межах кампаніі “Будзьма беларусамі!” і акцыі “500-годнасць” у гарадзенскай галерэі “Крыга” адбылася творчая сустрэча з настаўнікам, пісьменнікам, паэтам-перакладчыкам Міхасём Булавацкім. Творца пазнаёміў прысутных з дзвюма сваімі апошнімі кнігамі.
Першая з іх – зборнік перакладаў з У. Высоцкага “Пра жыццё, пра волю, пра сябе…”, выдадзены выдавецтвам “Кнігазбор” два гады таму. Перакладчык распавёў пра складанае жыццё і творчасць вядомага ў Савецкім Саюзе барда.
Асабліва зацікавіла ўдзельнікаў імпрэзы паведамленне пра тое, што У. Высоцкі мае беларускія карані (яго дзед жыў у Берасці) і што сам Уладзімір часта наведваў Беларусь – і здымаючыся ў фільмах рэжысёра В. Турава (здымкі праводзіліся пад Наваградкам), і гасцюючы ў яго дома, і спыняючыся ў Берасці пры паездках з Масквы ў Парыж і назад. Зараз у берасцейскай гасцёўні “Буг” адкрыты пакой-музей У. Высоцкага, а ў Наваградку – яго бюст.
М. Булавацкі сказаў, што згодны з нобелеўскім лаўрэтам І. Бродзкім у тым, што тэксты Высоцкага самадастатковыя, ім музыка не патрэбная, і прачытаў некалькі твораў у сваіх перакладах.
Другая прэзентаваная кніга, выдадзеная месяц таму ў Смаленску, бо беларускія выдавецтвы з насцярогай паставіліся да яе зместу, – “Беларус у Беларусі. Эпісталярыі пра мову і маральнасць” – зборнік ліставанняў чалавека з інстанцыямі па розных пытаннях адукацыі, выбараў, мовы ды інш. З гэтай кнігі выразна праглядваецца, што чыноўнікі нібыта беларускіх інстанцый ажыццяўляюць дзейнасць антыбеларускую, скіраваную на тое, каб загнаць “гэтую мову” і яе носьбітаў у нейкае гета, каб у краіне запанавала мова іншай дзяржавы, з якой наша радзіма некалі вяла доўгія войны.
Зацікаўленыя атрымалі паштоўкі ад кампаніі “Будзьма” і маглі пагартаць і набыць прэзентаваныя кнігі з аўтографамі, чым некаторыя і скарысталіся.
“500-годнасць” беларускага кнігадруку працягваецца. Зборнік перакладаў з У. Высоцкага і кніга “Беларус у Беларусі…” годна дапаўняюць беларускую кніжную прастору. Нездарма ж адзін з перакладзеных твораў Л. Баршчэўскі скарыстаў ў хрэстаматыі для ліцэістаў “Беларуская літаратура і свет”.
А М. Булавацкі зараз спрабуе “беларусізаваць” іншых расейскіх паэтаў, якіх у савецкі перыяд да народа не пускалі. У чацвёртым выпуску магілёўскага літаратурнага альманаха “Брама” (2016) змешчаны яго пераклады з Барыса Чычыбабіна, які за свае вершы адбыў пяць год у сталінскіх лагерах, Мікалая Рубцова, Міхаіла Дудзіна, Арсенія Таркоўскага ды інш.