19 траўня аўтары “Дзеяслова” наведалі Гомель з прэзентацыяй 75-га нумару часопіса. Выступы адбыліся ў межах кампаніі “Будзьма беларусамі!” ў Гомельскім дзяржаўным абласным ліцэі і на філалагічным факультэце Гомельскага дзяржаўнага універсітэта імя Францішка Скарыны.
Анатоль Івашчанка
Паэт Анатоль Івашчанка распавёў пра змест і агульны настрой нумару, а таксама выканаў песні з дзеясловаўскай анталогіі перакладаў тэкстаў рускіх рокераў. Да яго далучыўся паэт і музыка Уладзімір Дрындрожык, які праспяваў некалькі песень: па-украінску і ў перакладах на беларускую. Паэт Сяржук Сыс падзяліўся з чытачамі-землякамі радасцю ад сустрэчы з горадам, які даўно зрабіўся для яго родным, і прачытаў колькі вершаў і замалёвак. Пэўныя паралелі між Гомелем і Менскам прапанаваў слухачам адшукаць у сваіх вершах і паэт Антон Рудак. На сустрэчы ў Гомельскім дзяржаўным універсітэце былі прывітаныя таксама студэнкі і магістранткі – аўтаркі рэцэнзій, апублікаваных у прэзентаваным нумары.
Публіка з зацікаўленасцю сачыла за выступоўцамі, адрасуючы ім мноства пытанняў як у вуснай, так і пісьмовай форме. Выступоўцы адказвалі шчыра і з гумарам, а напрыканцы аўтары найлепшых пытанняў атрымалі каштоўныя падарункі ад кампаніі “Будзьма беларусамі!”.
Выступае Сяржук Сыс
Антон Рудак