27.12.2016 | Навіны "Будзьма!" Разам да справы!

Абвяшчаецца конкурс ідэй “Разам да справы”

Грамадская культурніцкая кампанія “Будзьма беларусамі!” і Школа маладых менеджараў публічнага адміністравання SYMPA абвяшчаюць конкурс праектных ідэй, скіраваных на спрыянне мясцоваму і рэгіянальнаму развіццю па ўсёй Беларусі.

kirmash_ideiДа ўдзелу ў конкурсе запрашаюцца ўсе неабыякавыя, хто займаецца паляпшэннем культурніцкай і сацыяльнай прасторы ў сваім населеным пункце або рэгіёне і спрыяе паглыбленню супрацоўніцтва розных супольнасцяў.

Калі ў вас ёсць ідэя, якая:

– можа зрабіць лепшым жыццё ў вашай мясцовасці агулам ці для нейкай групы людзей;

– яднае актыўных жыхароў для вырашэння грамадска важных пытанняў;

– умацоўвае ідэнтычнасць, у тым ліку праз пашырэнне ведаў пра нашу гісторыю і культуру, пра родны горад або рэгіён;

– матывуе да адказнасці за лёс свайго населенага пункта;

– развівае крэатыўны падыход да ажыццяўлення задумаў;

– павялічвае патэнцыял грамадскіх актывістаў;

– дапамагае наладзіць кантакты розным групам паміж сабой і з дзяржаўнымі арганізацыямі і ўстановамі,

дасылайце заяўку на скрыню: razam@budzma.org з пазнакай “На конкурс ідэй”.

Хто можа ўзяць удзел:

– любыя непалітычныя ініцыятывы і арганізацыі грамадзянскай супольнасці;

– дзяржаўныя ўстановы і камерцыйныя арганізацыі;

– фізічныя асобы, крэатыўныя каманды.

Заяўка мусіць утрымліваць:

– імёны і прозвішчы аўтараў/ініцыятараў праекта, кантакты;

– назву, мэту і сутнасць праекта (да 700 словаў);

– мэтавыя аўдыторыі (чаму і каму гэты праект неабходны);

– чаму ідэя ўнікальная і/ці актуальная;

– калі і дзе ідэя мусіць рэалізавацца;

– якія рэсурсы вы ўжо маеце і якія — шукаеце (каманда, партнёры, бюджэт).

Усе дасланыя прапановы будуць разгледжаныя экспертнай камісіяй кампаніі “Будзьма беларусамі!” і Школы маладых менеджараў публічнага адміністравання SYMPA.

Для адабраных ідэяў кампанія “Будзьма беларусамі!” дапаможа знайсці партнёраў, каб ідэі былі рэалізаваныя.

Таксама мы гатовыя для вас:

– даць магчымасць для прасоўвання ідэі і асвятлення яе рэалізацыі на інтэрнэт-партале www.budzma.by;

– спрыяць асвятленню праекта ў іншых сродках масавай інфармацыі;

– прадставіць вартыя ўвагі, але не адабраныя камісіяй праекты для далейшага ўдзелу на “Кірмашы праектаў” дзеля пашырэння кола аднадумцаў;

Што важна: сябры камісіі будуць ацэньваць якасць праектнай ідэі, яе грамадскую значнасць, адпаведнасць мэтавай аўдыторыі, адпаведнасць пераліку дзейнасці і неабходных для рэалізацыі сродкаў.

Падтрыманыя ідэі мусяць быць рэалізаваныя ў любы час у перыяд з 01.02.2017 г. па 31.01.2018 г.

Прыём ідэяў: да 20 студзеня 2017 г. уключна праз скрыню razam@budzma.org з пазнакай “На конкурс ідэй”.

Вынікі конкурсу будуць абвешчаныя 30 студзеня 2017 г. на сайце budzma.by.

Маеце пытанні? Пішыце на вышэйпаказаную скрыню!

Глядзіце таксама:

Бабруйск – культурная сталіца 2017. Прапануй свой праект


Дадаць каментар

*

*

Апошнія навіны

Яндекс.Метрика