Дзякуючы кампаніі “Будзьма беларусамі!” школьны аздараўленчы лагер “Лясны” Слонімскага раёна наведалі бард Зьміцер Бартосік і пісьменнік Сяргей Чыгрын. У “Лясным” госці правялі дзве сустрэчы: адну для старэйшай групай, другую – для малодшай. Сяргей Чыгрын пазнаёміў школьнікаў і педагогаў з гісторыяй беларускай кнігі, паказаў выданні розных гадоў і рознага фармату. А Зьміцер Бартосік дапаўняў сябра сваімі новымі песнямі.
Госці правялі некалькі арыгінальных конкурсаў, за што лепшыя дзеці атрымалі сувеніры ад кампаніі “Будзьма беларусамі!”.
Потым шлях гасцей ляжаў у Дзятлава. Там у Дзятлаўскай раённай бібліятэцы працягвалася творчая сустрэча з чытачамі бібліятэкі. Да гасцей у Дзятлаве нават далучыўся мясцовы грамадскі актывіст і былы педагог Валерый Петрыкевіч.
Госці адказалі на пытанні чытачоў, а таксама распавядалі пра сваю творчасць, грамадска-культурныя справы. Сяргей Чыгрын пазнаёміў дзятлаўчан з забытымі і невядомымі асобамі Дзятлаўшчыны, якіх адшукаў у архівах і музеях, аб малавядомых фактах з жыцця і дзейнасці Ігната Дварчаніна. Валерый Петрыкевіч нагадаў, што ў жніўні ўся Беларусь будзе адзначаць 500-годдзе беларускага кнігадрукавання. А Зьміцер Бартосік спяваў шчырыя і жартоўныя песні.
Зьміцер Бартосік і Сяргей Чыгрын падаравалі для Дзятлаўскай раённай бібліятэкі вязанку новых беларускіх кніг ад кампаніі “Будзьма беларусамі!” і пакінулі на памяць свае аўтографы.