Akana-NHS здзейсніла інтэрнацыянальную экспедыцыю па фіксацыі і вывучэнні песеннай традыцыі Лёзненскага раёну Віцебскай вобласці 26–28 кастрычніка.
Да ўдзелу ў экспедыцыі былі запрошаныя расійскія фалькларысты аддзялення этнамузыкалогіі факультэта музыказнаўства Санкт-Пецярбургскай кансерваторыі імя М. А. Рымскага-Корсакава Аляксей Мехняцоў і Алена Кісялёва. Асноўнай мэтай даследаванняў было выяўленне і фіксацыя радзінна-хрэсьбіннага песеннага комплексу Лёзненшчыны: вёскі Бабінавічы, Стасева, Альховік, Міхалінава, Лапіна, Барсева, Выхадцы, Замшані, Веляшковічы, Чэкаўшчына, Пушкі, Матушава, Швяды, Новае Сяло, Мерзлякоўка.
Падчас экспедыцыі было наведана прыкладна 60 дамоў, каля 70 чалавек праспявалі для фалькларыстаў. Узрост апытаных вагаўся ля 70-80 гадоў.
Задачай гэтай экспедыцыі было картаграфаванне тыповых напеваў радзінна-хрэсьбіннай традыцыі.
Картаграфаванне напеваў адбываецца так: на агульнай мапе Беларусі этнолагі падчас вандровак па вёсках пазначаюць, дзе і якія песенныя традыцыі існуюць, якія вёскі “спяваючыя”, у якіх наогул не захавалася нічога. Усё гэта для таго, каб мець агульнае ўяўленне аб наяўнасці песеннай традыцыі. Выглядае гэта як рэальная мапа Беларусі з пазнакамі ў выглядзе значкоў.
Руся, салістка гурта Akana-NHS: “Карты робяцца так, каб высветліць, якія і дзе на гэтай тэрыторыі існуюць тыпы напеваў з агульнай класіфікацыі. Мы знайшлі 5 тыповых напеваў на тэрыторыі, дзе яны не былі раней зафіксаваныя фалькларыстамі.
У гэтым раёне дамінуе позняя традыцыя пазаабрадавай лірыкі і асабліва жанру гарадскога жорсткага рамансу. Нашыя запрошаныя госці з Расіі выявілі з намі, што этнічныя напевы беларусаў (хрэсьбіны, вяселле) дакладна фіксуюцца на тэрыторыі Смаленшчыны і Пскоўшчыны, дзе этнічная культура Беларусі захоўваецца дагэтуль. Песні на гэтую тэматыку захаваліся і ў Расіі, але толькі на тэрыторыях этнічных беларусаў (Пскоў, Смаленшчына). Фалькларыстам з Расіі было цікава даведацца, у якім выглядзе традыцыя бытуе на тэрыторыі Беларусі ў памежных раёнах, напрыклад, у Лёзне Віцебскай вобласці.
Радзінна-хрэсьбінныя традыцыі захаваліся толькі ў нас, у беларусаў, і мы мусім захаваць тое, што засталося на дадзены момант! Каб сваё, беларускае, нашае роднае не загінула і захоўвалася, чым, напрыклад, займаецца “Будзьма беларусамі!”, бо нашая паездка прайшла ў межах менавіта гэтай кампаніі”.
Падчас экспедыцыі быў зроблены фотарэпартаж аб жыцці вясковых жыхароў. Фатограф Юра Маціюн.