Экскурсія па выставах, прысвечаных класіку беларускай літаратуры Дуніну-Марцінкевічу і мастаку, паэту і фалькларысту Язэпу Драздовічу, з навучэнцамі старэйшых класаў мінскай сярэдняй школы №118 адбылася ў суботу ў Палацы мастацтваў у межах кампаніі “Будзьма!”. Экскурсаводам выступіў вядомы беларускі мастак, старшыня суполкі “Пагоня” Аляксей Марачкін.
Аляксей Марачкін звярнуў увагу маладых навучэнцаў на гісторыю жыцця Драздовіча, зазначыўшы, што “Драздовіч быў адным з першых мастакоў, што пазіцыянаваў сябе менавіта як беларускага творцу”. Ён распавёў пра карціны, прадстаўленыя на абедзвюх экспазіцыях і адказаў на шматлікія пытанні вучняў.
“Экскурсія насіла асветніцкі і нацыянальна-патрыятычны характар, – адзначыў Аляксей Марачкін. – Вельмі важна, каб вучні ведалі, хто яны, адкуль ідуць і куды.”
Нагадаем, выстава “Вечны вандроўнік”, арганізаваная ў гонар Язэпа Драздовіча, з мінскага Палаца мастацтва ўжо пераехала ў мемарыяльны комплекс Напалеона Орды вёскі Варацэвічы, дзе прадоўжыцца да канца лютага.