З нагоды святкавання 78-годдзя з дня нараджэння вялікага беларускага пісьменніка і паэта Уладзіміра Караткевіча з канцэртам выступіў вядомы бард Алесь Камоцкі. Імпрэза ладзілася ў межах кампаніі “Будзьма!”.
Алесь Камоцкі прадставіў беларускай публіцы песні, пакладзеныя на вершы Уладзіміра Караткевіча. Падчас імпрэзы вядомы бард таксама адказваў на шматлікія пытанні аўдыторыі аб ягоным творчым і жыццёвым шляху.
Мерапрыемства адбывалася ў будынку аршанскага літаратурнага музею, што носіць імя Уладзіміра Караткевіча.
Уладзімір Караткевіч – славуты беларускі паэт, празаік, драматург, публіцыст, перакладчык, кінасцэнарыст. У сваёй прозе ўздымаў шырокія пласты нацыянальнай гісторыі, ствараў адметныя характары, раскрываў багаты духоўны свет герояў і звязаў іх асабісты лёс з лёсам Бацькаўшчыны.
Гісторыя цікавіла Караткевіча пераважна як прытча, легенда і ў тым плане, які ўплыў зрабіла яна на духоўнае жыццё народа, на яго грамадскую свядомасць. Пісьменніку характэрна рамантычнае, фальклорна-легендарнае асэнсаванне мінуўшчыны. Паэтызуючы гісторыю, уздымаў пытанні, актуальныя для сённяшняга дня.
Караткевіч з’яўляецца аўтарам бессмяротных твораў “Ладдзя Роспачы”, “Дзікае паляванне караля Стаха”, “Чорны замак Альшанскі”, “Зямля пад белымі крыламі”, “Каласы пад сярпом тваім”.
Фота з kamocki.livejournal.com