Учора Анатоль Вярцінскі і Эдуард Акулін наведалі Лепельскі край, дзе ў межах кампаніі “Будзьма” адбыліся дзве творчыя сустрэчы.
Спачатку сталічныя госці выступілі ў Каменскай сярэдняй школе, якую ў 1952 годзе скончыў Анатоль Вярцінскі, лаўрэат Дзяржаўнай прэміі Беларусі, заслужаны дзеяч культуры і класік беларускай паэзіі. Сутрэча пачалася са словаў удзячнасці роднай школе, настаўнікам, малой Радзіме – Лепельшчыне.
Прачытаўшы некалькі сваіх хрэстаматыйных і новых вершаў, Анатоль Вярцінскі перадаў слова свайму малодшаму сябру, намесніку галоўнага рэдактара часопіса “Дзеяслоў”, паэту і барду Эдуарду Акуліну. Ён распавёў вучням і настаўнікам Каменскай школы пра сумесныя паэтычныя падарожжы праспяваў ужо класічную песню Анатоля Вярцінскага “Два полі”.
Другая сутрэча прайшла ў Матырынскай сярэдняй школіе, у якой будучы класік беларускай паэзіі вучыўся па 7 клас. Тут да сталічных паэтаў далучыўся нядаўні выпуснік школы, малады паэт Алесь Котаў. Ён выказаў словы падзякі Анатолю Вярцінскаму за далучэнне да краіны беларускай Паэзіі і прачытаў некалькі сваіх вершаў. Эдуард Акулін запрасіў маладога паэта да творчага супрацоўніцтва з “лепшым літаратурным выданнем Беларусі” часопісам “Дзеясловам”.
Адказаўшы на шматлікія пытанні лепяльчан, паэты паабяцалі наведаць азёрны край у наступным годзе.