03.03.2015 | Музыка Навіны "Будзьма!" Тузін. Перазагрузка

Андрэй Макарэвіч: “Спеў па-беларуску — гэта паклон маім продкам” (прэм’ера!)

Лідар расійскага гурта “Машина времени”запісаў для праекта “Global Reload” грамадскай кампаніі “Будзьма беларусамі!” і партала Tuzin.fm сваю першую песню на беларускай мове.

Мы размаўляем з Андрэем Макарэвічам у мінскай студыі “Осмос”. Лідар “Машины времени” прыехаў у беларускую сталіцу спецыяльна для таго, каб скончыць працу над сваёй першай беларускамоўнай кампазіцыяй у жыцці.

— Вашы першыя ўражанні ад творчага эксперыменту?

— Жах як цікава! Вельмі нячаста такім займаюся, бо не лічу сябе выканаўцам-паліглотам. Пяю па-расійску. Па-ангельску спяваў у школе і да 10 класа практычна скончыў. Па-беларуску вельмі цікава паспрабаваць, бо гены ўсё ж такі маю. Я вельмі добра памятаю моцны беларускі акцэнт маёй бабулі (яна была з Пагодзіна, так тады Блудзін зваўся, а побач — Малеч, гэта Заходняя Беларусь). І вось бабуля казала: “шчы”, “шчука”, згадваю як цяпер. (Маецца на ўвазе вёска Паўлавічы, што ў Бярозаўскім раёне на Берасцейшчыне, да 1964 года вёска звалася Блудзень. Чыгуначная станцыя побач мела назву Пагодзіна, цяпер яна завецца Бяроза-Картузская заўвага С.Б.)

— Можаце патлумачыць — навошта вам уся гэтая беларуская гісторыя, навошта спяваць па-беларуску?

— Для мяне гэта паклон маім продкам, якіх ужо няма на свеце. Я лічу, што гэта слушна. Калі ў чалавеку ёсць частка вось гэтага, дык чаму ён павінен яе хаваць? Ён павінен гэтым ганарыцца. Я вельмі люблю Беларусь, у мяне тут шмат сяброў. Намагаюся тут бываць часцей. Тут фантастычная прырода — напэўна, самая прыгожая, якую толькі можна сабе ўявіць у сярэдняй паласе. І ў вас атрымліваецца яе захоўваць у ідэальным стане, у адрозненне ад расійцаў. Таму ваша краіна — аазіс у маім уяўленні.

— Ці адкрылася вам вашая Беларусь адразу? Ці ведалі вы пра яе нешта 45-50 гадоў таму?

— 50 гадоў таму мне было 11, і бацька мне расказваў пра цудоўны хутар Маліч, дзе ён нарадзіўся і правёў дзяцінства. Дзе жылі толькі Макарэвічы і Антончыкі. Я ведаў даўно, адкуль паходзіць мой тата, мой дзед, якога пры жыцці я ўжо не заспеў, мая бабуля па бацькавай лініі. І ўсё абяцаў мяне туды звазіць. І так і не з’ездзіў і мяне не звазіў, не выпала. Так далёка на захад я не выязджаў, у Мінску толькі часта бываў, а далей туды ў кірунку Берасця не ездзіў. Трапіў туды ў 2011 годзе дзякуючы расійскаму Першаму каналу, які здымаў праграму “Древо жизни”, што нядоўга праіснавала. Яе ідэя была ў тым, што героі перадачы едуць шукаць свае карані.

— Ведаю, што вы дасканала вывучылі свой радавод і сабралі ўсе магчымыя сведчанні. Ці засталіся нязведаныя факты?

— Я дагэтуль не магу знайсці фотаздымкі свайго прадзеда Антонія Усакоўскага, які ў тых краях быў вядомым чалавекам, святаром. Ён пабудаваў царкву, якая дагэтуль стаіць, пабудаваў царкоўную школу, у якой якраз і пазнаёміліся мае дзядуля і мая бабуля. Мне вядома, што прадзед перажыў рэвалюцыю, быў пасыльным практычна ў патрыярха нават пэўны час. У 1919-1920 гадах яго сляды канчаткова губляюцца. Думаю, што яго расстралялі. Але пакуль дазнацца, дзе і пры якіх абставінах, і наогул пабачыць, як ён выглядаў, патрымаць у руках яго фотаздымак, у мяне пакуль не выйшла. Тут у пошуках дапамагалі вельмі сур’ёзныя гісторыкі, але пакуль марна. Хачу дайсці да Лубянкі, магчыма, там нешта знойдзецца.

У той самай праграме “Дрэва жыцця” чатырохгадовай даўніны вы кажаце цікавую фразу пра тое, што розніцы між беларусамі і расейцамі па сутнасці няма. Ці змянілася вашае меркаванне на гэты конт сёння?

— Розніца ёсць, канечне. Нават хаця б у стаўленні да прыроды. У вас гэтае стаўленне еўрапейскае. У нас жа папсаванае стаўленне да прыроды качэўнікамі. Качэўнікі прызвычаіліся гадзіць, бо яны не сядзяць на месцах — яны заўтра едуць далей. Дык чаго клапаціцца пра чысціню. Падазраю, што ў расійцаў гэта засталося з часоў татарскага ярма. У вас таксама гісторыя няпростая, тут то Польшча была, то Беларусь, але ўсё ж гэта Еўропа.

— Вы чулі беларускую мову, чыталі на ёй, а цяпер паспрабавалі заспяваць па-беларуску. Ці падобна яна да расійскай, як вам здалося?

— Ніколі не забуду выпадак у мінскім таксі. Мы абмяркоўвалі з таксістам беларускую мову, шыльды, напісаныя па-беларуску, і той кажа: ха, беларуская — гэта тая ж расійская, толькі з памылкамі (смяецца). Гэта смешна, тым не менш беларуская — гэта мова са сваімі правіламі, з сваёй мелодыкай, са сваім даволі складаным вымаўленнем. І ўсё гэта мяне цікавіць.

— Дык падобныя нашы мовы ўсё ж ці не?

— Падобныя. Гэтак жа як ангелец зразумее аўстралійца і нават шатландца. Але безумоўная розніца ёсць у музыцы мовы. І не дзіва, што сярод першых савецкіх вакальна-інструментальных камандаў найлепшыя былі, на маю думку, не “Веселые ребята”, а “Песняры”. Шмат у чым дзякуючы сваёй іншай музыцы мовы.

— У такім разе карціць спытаць — ці можа быць працяг вашага беларускамоўнага творчага эксперыменту?

— Давайце пажывем, я адкрыты да ўсялякіх добрых задумаў і гатовы прымаць добрыя прапановы. Але давайце паглядзім, што выйдзе з першага вопыту. Мне даволі цяжка меркаваць збоку, як атрымалася мая першая беларуская песня. Пра гэта могуць разважаць толькі тыя людзі, якія тут нарадзіліся і размаўляюць на гэтай мове з дзяцінства.

— Ёсць праблема, дарэчы, з гэтым. У 1980 годзе, скажам, у нас на цэлы Мінск толькі адзін чалавек вучыўся ў школе па-беларуску. Так што з дзяцінства далёка не ва ўсіх выходзіць гаварыць па-беларуску.

— Вось дзіўна. Украіна была таксама савецкая, але там не да такой ступені дайшло. Тым не менш “Песняры” спявалі па-беларуску. Гонар і слава Мулявіну за гэта. Давайце адраджаць беларускую мову агульнымі сіламі. Ці хаця б захоўваць яе.

— Раскажыце пра вашу першую беларускамоўную песню.

— Гэта песня “Снег”, перакладзеная на беларускую мову Юрыем Несцярэнкам. Цяпер яна запісаная разам з музыкамі з гурта Apple Tea. У арыгінале яна была напісаная недзе ў 1977 годзе. Асаблівай гісторыі пра яе стварэнне няма. Сеў за піяніна — і напісаў. Лічу, што ў песень наогул не можа быць гісторыі. Калі аўтар пачынае расказвае гісторыі, як з’явіліся яго песні, ён хутчэй за ўсё хлусіць. Упершыню мы яе запісалі ў 1978 годзе, не ведаю, ці захаваўся гэты запіс, а потым у 1980 ці 1981 годзе ўжо з Пецем Падгарадзецкім. Не памятаю, ці запісвалі мы яе калі яшчэ ў студыі, — клянуся, не згадаю. Затое было некалькі выдатных канцэртных версій.

— А хіба “Снег” не быў напісаны для праграмы “Маленький принц”?

— Праграма “Маленький принц” нарадзілася наступным чынам. Адна дзяўчына заўважыла, што некаторыя нашы песні кладуцца ў кантэкст твора Сэнт-Экзюперы. Таму мы сабралі творы, якія пасуюць, і злучылі іх фрагментамі з кнігі. Нічога спецыяльна мы для гэтай праграмы не стваралі і песень для яе не пісалі. “Снег” мы вельмі рэдка выконвалі на канцэртах у тыя часы, таму што ў нас тады наогул не было клавішных інструментаў. Потым з’явіліся клавішныя, якія вельмі аддалена нагадвалі піяніна. Жывы раяль ці піяніна на тыя часы ў тых месцах, дзе мы выступалі, былі вялікай рэдкасцю, таму яна практычна не гучала. Значна пазней, праз 10-годдзе, мы пачалі выконваць “Снег” на канцэртах “Машины времени”, калі з’явілася такая магчымасць.

— Ці ўкладалі вы свядома ў гэтую песню асацыяцыі з адлігаю?

— Не, гэта занадта прыцягнута за вушы. Адлігі хочацца заўжды, у хоць якой сітуацыі. Асабліва сёння.

— Чаму менавіта “Снег” выбралі для запісу на беларускай мове? Выпадковасць?

— Не, зусім не выпадковасць. У адным з нумароў часопіса “Дзеяслоў” было нямала вершаў і песень маіх, перакладзеных на беларускую. І мне здалося, што менавіта ў гэтай песні найбольш блізка гучаць нашыя мовы, проста па наборы словаў гэта было заўважна. І мне прасцей было з ёй працаваць.

 

Размаўляў Сяргей Будкін

 

Фота: Віка Трэнас (са студыі), Аляксандр “Tarantino” Ждановіч (з канцэрта)

Падзякі ў падрыхтоўцы прэм’еры: Юрыю Несцярэнку, Паўлу Юрцэвічу, Андрэю Акатаву і студыі “Осмос”, Уладзіміру Булаўскаму, Алегу Ціханаву, Хрысціне Дарапей, Наталлі Стрыжак, Анжэле Грушчанкавай і клубу Loft, Яну Буслу, Ігару Сацэвічу і гурту Apple Tea.

 

Андрэй Макарэвіч — Снег

(музыка і словы Андрэя Макарэвіча, пераклад на беларускую Юрыя Несцярэнкі)

Снег. Горад губляе зрок.

Крок

У змрок ад святла, і зноў

Колер, як белы снег.

Горад твой

Стаў караблём,

Лёдам забраны ў палон.

 

Ты

Ведаеш пэўна, як

Снег

Нам пакідае знак.

Ён робіць заўсёды так,

І горад твой,

Сонцам сагрэты,

Плыве па вясновай вадзе.

 

Але

Ці дадзена нам зразумець,

Каму

Дзячыць за цеплыню,

Што зводзіць няспынна снег.

Сто доўгіх дзён

Мацнейшым быў ён

І раптам знікае за пяць

Цёплых дзён.


8 Каментаў у “Андрэй Макарэвіч: “Спеў па-беларуску — гэта паклон маім продкам” (прэм’ера!)”

  1. Paulinka says:

    Вельмі прыгожа атрымалася, на мой погляд. Дзякуй вялікі! :)

  2. Вялікі дзякуй, спадар Макарэвіч! На мой погляд, дасканалае вымаўленне, арганічнае: заўседы ведала, што Вы – наш!

  3. Ляксандр says:

    Хлопцы, я вельми добра размауляю на беларусскай мове, але то, як гэта падаецца “гучыць” у Вас на сайте мне цяжка разумець, мабыць “трасянка” атрымала верх над усим понятном классичесским языком Я.Купалы, Я. Коласа, П. Бровки. Андрею Макаревичу, то хоть понятно, что вы тут с ним наговорили?

  4. НВ says:

    Ребята! На Украине таких уже наслушались, – нет теперь Украины – осталась одна Руина. Не дай Бог такой судьбы для Беларуси. не заслужила она её.

  5. вялікій дзякуй Андрэй Вадзімавіч Макарэвіч за песню, вельмі прыгожая, цудоуная фарба музыкі. па больш па беларускіх песняу, каліласка Андрэй Вадзімавіч.

  6. Боже яка красива пісня!І я ніколи не думала,що мова білорусів така милозвучна і красива
    Дякую

  7. Александр says:

    Андрей Вадимович достаточно уверенно рассуждает о русских, беларусах и кочевниках для человека, который по сути является москвичём до мозга костей а по профессии не является ни историком ни этнологом. Не знаю в курсе ли Андрей Вадимович, но и русские и так назывемые кочевники тоже различаются и внутри себя и уж тем более от москвичей, у всех есть своя локальная история, особенности речи и культуры что не мешает их самоопределению как единства и уважению к этой общности. Это я говорю как казахстанец с украинскими, русскими и польскими корнями. При всём уважении к творчеству Макаревича, иногда он несёт полную ересь.

Дадаць каментар

*

*

Апошнія навіны

Яндекс.Метрика