Рэдакцыі інтэлектуальнага часопіса Arche і першай беларускай газеты “Наша Ніва” выказалі жаданне прыняць удзел у агульнабеларускай кампаніі “Будзьма”.
Валер Булгакаў, галоўны рэдактар часопіса Arche, паведаміў, што цягам кампаніі рэдакцыя плануе прэзентаваць нумар часопіса, які выйдзе з нагоды 10-гадовага юбілея з дня выхаду першага нумара Arche. Гэты нумар, які будзе складацца з 1084 старонак, самы тоўсты з беларускамоўных выданняў, будзе прысвечаны гістарычнай Літве, эпізодам дарасійскага перыяду гісторыі Беларусі да апошняга падзелу Рэчы Паспалітай.
Часопіс будзе ўлучаць творы як беларускіх, так і замежных аўтараў. Сярод першых варта адзначыць дысертацыю беларускага гісторыка Андрэя Катлярчука, якую ён абараніў на гістарычным факультэце Стакгольмскага ўніверсітэта, творы Алега Дзярновіча, Алеся Белага. У выданні таксама будзе прадстаўленая праца выбітнага амерыканскага гісторыка Лары Вульфа і іншых замежных навукоўцаў.
Па словах Валера Булгакава, праз удзел у акцыі рэдакцыя часопіса імкнецца “выявіць грамадскую салідарнасць” з удзельнкамі кампаніі, павялічыць доступ да чытачоў ды прарваць ізаляцыю, якая склалася вакол падобных выданняў.
Arche мае намер ладзіць сустрэчы беларусаў з пісменнікамі і навукоўцамі, публікацыі якіх будуць уключаныя ў часопіс. Падобныя сустрэчы маюць адбывацца на сталай аснове ў шматлікіх гарадах краіны: Полацку, Віцебску, Глыбокім.
Як адзначыў галоўны рэдактар інашага выдання, газеты “Наша Ніва”, Андрэй Дынько, праз удзел у кампаніі рэдакцыя газеты “ жадае даносіць сваю культурную прадукцыю да чытачоў і паляпшаць вобраз краіны ў вачах беларускай публікі”.