Прэзентацыя часопіса ARCHE і збору твораў ксяндза Адама Станкевіча “З Богам да Беларусі” адбылася 19 снежня ў Смаргоні ў рамках кампаніі “Будзьма!”.
Галоўны рэдактар ARCHE Валер Булгакаў прэзентаваў мясцовай публіцы гадавую спадчыну рэдакцыі часопіса, а таксама кнігі з серыі “Кнігарня “Наша Ніва”.
Пра перавыданне літаратурнай спадчыны айца Адама распавёў падчас мерапрыемства адзін з укладальнікаў збору “З Богам да Беларусі” гісторык Алесь Пашкевіч.
У кнізе святар выступае ў якасці гісторыка, палітыка, рэлігійнага дзеяча – аб гэтым сведчаць пяць раздзелаў збору, якія тычацца ідэалогіі Беларусі, яе гісторыі ў хрысціянскім кантэксце, касцёльных набажэнстваў, грамадска-палітычнай дзейнасці.
“Спачатку былі сумневы: ці варта выдаваць такую салянку з рэлігійных, гістарычных, палітычных тэкстаў пад адной вокладкай, – кажа Алесь Пашкевіч. – Аднак пасля вызначылася, што такім чынам Адам Станкевіч паўстае перад намі як рознапланавы дзеяч – святар, чалавек, навуковец – якім ён насамрэч і быў. У такім выглядзе вяртанне творчай спадчыны падаецца найбольш аптымальным”.
Трэба зазначыць, што нягледзячы на досыць вялікі аб’ём кнігі, па-за 1097 старонкамі збору засталося каля 2000 артыкулаў Адама Станкевіча.
Алесь Пашкевіч зазначыў, што пакуль не сустракаў на Беларусі святароў, якія б не пажадалі б набыць кнігу свайго папярэдніка: “Цэлы раздзел кнігі прысвечаны рэлігіі і складаецца з прамоваў, казанняў. Тлумачэнне Бібліі Адамам Станкевічам адпавядае псіхалогіі мясцовага насельніцтва. Яе карысна ведаць і ўлічваць, каб дайсці да народа, сярод якога даводзіцца працаваць святарам”.
На заканчэнне імпрэзы свае новыя песні выканаў музыка Сяргей Верамейчык.