20 ліпеня 2011 года адбыліся дзве сустрэчы з пісьменнікам Уладзімірам Арловым і бардам Змітром Бартосікам. Першая сустрэча адбылася ў Бешанковічах у гасціннай сядзібе вядомага на Віцебшчыне барда Георгія Станкевіча. У сустрэчы ўзялі ўдзел настаўнікі, музейныя супрацоўнікі і студэнты. Уладзімір Арлоў прэзентаваў сваю новую кнігу гістарычнай прозы “Ля Дзікага Поля”. Зміцер Бартосік праспяваў выбраныя песні са свайго будучага альбома.
Другая сустрэча прайшла на маляўнічым беразе Дзвіны каля в. Лучкі. Пісьменнік і бард выступілі перад удзельнікамі воднай экспедыцыі Віцебск – Полацк на чале з актывістам кампаніі “Будзьма беларусамі!” Генадзем Шэпелевым. Сярод слухачоў былі супрацоўнікі Аршанскага музея Уладзіміра Караткевіча, літаратарка з Магілёва Таццяна Барысік, бард Андрэй Мельнікаў, а таксама мясцовыя жыхары.